“Нёман” супраць “Тарпеда-БелАЗ”: прамая трансляцыя са стадыёна

|

У выпадку перамогі над жодзінскай камандай гарадзенцы захавалі б шансы на тое, каб у наступным годзе згуляць у еўракубках.

 

Пачатак гульні за гарадзенцамі. Яны кантралююць мяч і ціснуць гасцей да іх штрафной пляцоўкі.

 

12-я хв. Іван Садаўнічы з цэнтра штрафной біў галавой – крыху міма.

 

На трыбунах мноства зялёных і жоўтых балёнікаў, якія раздаюць заўзятарам. Ствараецца антураж свята.

 

17-я хв. Жорстка па нагах дастае ля чужой штрафной Савіцкі – свісток арбітра маўчыць.

 

19-я хв. Перспектыўная контратака гарадзенцаў. Зубовіч спрабуе пракінуць мяч міма абаронцы, каб выйсці сам на сам з брамнікам. Няўдала.

 

Падтрымаць жодзінцаў прыехала дастаткова багата заўзятараў. Абедзьве фанацкія трыбуны амаль не змаўкаюць. Даўна на нашым стадыёне не было такога гукавога фанацкага суправаджэння.

 

Госці крыху адсунулі гульню ад сваёй брамы.

 

ГОООООООЛ! На трыбунаў рвуцца балёнікі і ляцяць петарды! 1-0. Нёман павёў у ліку!


Гол на рахунку Яўгена Савасц’янава!


Пасля ўдара здалёк гарадзенскага паўабаронцы памыліўся дасведчаны брамнік гасцей Хамутоўскі.

 

31-я хв. Савасц’янаў спрабаваў вывесці сам на сам з брамнікам Савіцкага. Не атрымалася.

 

32-я хв. Госці просяць пенальці. За што – не зразумела.

 

Гарадзенцы часцей атакуюць левым флангам, дзе шчыруюць Вітус, Эсамэ і Савіцкі.

 

34-я хв. Савіцкі пасля сутыкнення з Хагушам падае ў штрафной. Пенальці? Арбітр так не лічыць…

 

У паралельных матчах БАТЭ пакуль гуляе ўнічыю з “Дынама” (0-0), а “Гомель” з “Шахцёрам” (1-1).

 

37-я хв. Небяспечны штрафны ля брамы Чэрніка. Сяргей адбівае ў скачку мяч, але недалёка. Нехта з жодзінцаў б’е галавой па пустой браме – Эсаме страхуе брамніка!

 

Гарадзенцы ўжо не так актыўныя ў атацы.

 

40-я хв. Арбітр зноў дае свісток не на карысць “Нёмана”. Трыбуны выюць ад незадавальнення.

 

44-я хв. Замест Вітуса ў “Нёмана” выходзіць Аляксандр Анюкевіч. Пасля некалькіх моцных удараў па нагах Максім не ў стане працягваць матч.

 

Чэрнік бярэ мяч пасля небяспечнага ўдара Глеба-малодшага са штрафнога.

 

Да першага тайму дададзеныя 2 хвіліны.

 

45+ хв. Імклівая атака гаспадароў. Савіцкі ўцякае ад Хагуша, прастрэльвае ў штрафную – абаронцы з цяжкасцю адбіваюць мяч на кутні. Пасля яго розыгрыша Савасц’янаў моцна б’е ў бок брамы – Хамутоўскі гэтым разам спраўляецца.

 

Ідзем на перапынак. Можна з’есці салдацкай кашы.

 

 

 

Прадстаўнік Беларускай федэрацыі футбола ўручае прыз гарадзенцу, які перамог у конкурсе на лепшы лагатып Кубка краіны па футболе.

 

А ў нас на стадыёне песні ў жывую! Наталі, Наталі, Наталі, ля-ля -ля мон амі!

Цяпер гучыць гімн беларускаму футболу:

 

“О, как болеет детвора, мальчішка с нашего двора!”

Я за Отечество борюсь, моя родная Беларусь!”

 

Трыбуны вяла рэагуюць на прапановы далучыцца да спеваў.

 

Каманды вяртаюцца на поле.

 

Госці адразу кідаюцца ў атаку і зарабляюць кутні. Праз пару секунд пасля яго падачы мяч вяртаецца ў штрафную гаспадароў. Нехта з іх нападнікаў расстрэльвае Чэрніка за пары метраў. Як Сяргей здолеў адбіць удар -проста неверагодна!

 

50-я хв. 2-0!!!!!!!! Савіцкі з падачы Эсамэ!!!!!

 

Спрацавала імклівая атака левым флангам. Перавод на фланг супрацьлеглы, пас Эсамэ і Савіцкі ў падзенні галавой забівае гол!

 

52-я хв. Яшчэ адзін цудоўны момант мелі гарадзенцы, але Хамутоўскі перарваў прастрэл Савіцкага.

 

Па трыбунах ідзе пагалосак, што на стадыёне заўважаны Сямён Шапіра. Не сакрэт, што каманда мела сур’ёзную падтрымку ад былога кіраўніка вобласці.

 

57-я хв. Чэрнік адбівае кулаком мяч, паслізгаецца і няўдала падае. Пакуль дактары каманды аказваюць дапамогу – у гульцоў ёць некалькі секундаў адпачыць

 

58-я хв. Чэрнік пакідае ўсё ж поле. Замест яго выходзіць Марыюс Рапаліс. Чэрніка трыбуны праводзяць бурнымсі авацыямі! Ну а Рапаліса чакае сур’ёзнае выпрабаванне…

 

Гэта была другая вымушаная замена ў складзе “Нёмана”.

 

Жодзінцы спрабуюць скарыстацца сітуацыяй і ідуць у атаку.

 

63-я хв. Першая сур’ёзная пагроза для Рапаліса. Літовец здымае мяч з галавы суперніка пасля навесу з фланга.

 

65-я хв. Салавей зправа ўрываўся ў штрафную. Пас заблакавалі абаронцы.

 

68-хв. Пайшлі замены ў “Тарпеда”. Замест Лявіцкага і Глеба на полі іспанец Міньяна і Арцём Васькоў, які калісьці гуляў і за “Нёман”.

 

Каманды ў гэтым сезоне гулялі паміж сабой тры разы і кожны раз – унічыю.

 

20 хвілін застаецца гуляць камандам.

 

У паралельных сустрэчах “Дынама” пакуль саступае БАТЭ (0-1), а “Шахцёр” выйграе ў “Гомеля” (2-1).

 

Калі такія вынікі захаваюцца, то “Нёман” гарантуе сабе 4-е месца і нават захавае шансы на 3-е, бо адставанне ад “Дынама” будзе складаць толькі 2 ачкі.

 

Каманды стаміліся. Усё больш дробных парушэнняў правілаў.

 

75-я хв. “Гармата” Савасц’янава пасля розыгрыша штрафнога. Міма.

 

77-я хв. Кутні падае “Тарпеда”. І яшчэ раз. Рапаліс ў палёце адбівае мяч!

 

79-я хв. Імклівы выхад са сваёй зоны скончыўся стрэлам Эсамэ – міма. І тут жа замена – замест Салаўя на полі ў гарадзенцаў выходзіць Алісейка. Замена з разлікам на ўмацаванне абароны.

 

80-я хв. Савіцкі ледзь не забівае трэці гол! Дабіваў мяч у падзенні, але крыху слаба.

 

Тут жа Рапаліс кідком у ногі суперніку забірае мяч у сваёй штрафной! 

 

Гледачы назіраюць сёння адну з самых цікавых гульняў гэтага сезона. Прыгожы фініш чэмпіянату на гарадзенскім стадыёне!

 

82-я хв. Апошняя замена ў “Тарпеда”: Казлоў замест Шчагрыковіча.

 

84-я хв. Будзе небяспечны штрафны ля брамы гаспадароў. Ухххх – выдыхнулі трыбуны! Мяч паляцеў шмат вышэй папярэчыны.

 

А тым часам “Дынама” параўняла лік…

 

ГОООООООООЛ!!!!!!!

 

88-я хв. Ягор Зубовіч ставіць кропку ў сустрэчы!

 

Праз пару хвілін гучыць фінальны свісток.

 

3-0! Перамога!

 

Лепшым гульцом “Нёмана” прызнаны Дзмітрый Раўнейка.

 

Трыбуны пусцеюць, але фанацкі сектар, які святкуе 15-годдзе, разыходзіцца не збіраецца! Музыка, балёнікі, транспаранты, петарды!

 

– Мы разам, Мы верым у нашу перамогу – скандзіруюць па-беларуску фанаты!

 

А цяпер “Ой, Нёман, о Бацька мой родны!” разліваецца над стадыёнам! Шкада, што пасля таго, як большасць заўзятараў ужо зыйшла. Але сам факт! Браво!

 

А “Дынама” тым часам свой матч выйграе 2-1. Бронзы сёлета ў гарадзенцаў не будзе. Для таго, каб патрапіць наступным летам у еўракубкі, трэба выйграваць Кубак Беларусі ці спадзявацца на тое, што гэта зробіць “Шахцёр”.

 

Міліцыя выводзіць арганізавана са стадыёна сумных фанатаў “Тарпеда”. Вось і да мяне падыходзіць “чалавек у чорным”:

 

– Уважаемый, футбол окончен!

 

– Сапраўды? Вельмі шкада, але як скажаце. Усё лепшае я ўжо ўбачыў!

 

Фота аўтара