Баскетбол: агляд тыдня

|

Мінуў чарговы гульнявы тыдзень Чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Для гарадзенскіх каманд ён склаўся дыяметральна процілегла, пры гэтым уключыўшы ў сябе іх вочнае супрацьстаянне.


У аўторак у спартзале ГрДУ каманда “Прынёманне” прымала гомельскі “Сож-ГДУ” (відэа ніжэй). Першая палова сустрэчы прайшла ва ўпартай барацьбе і з частай зменай лідара. На вялікі перапынак падапечныя Віталя Маклакова сыходзілі пры ліку 38-35 і, як здалося, серыя хатніх перамог проста абавязаная працягнуцца. Але, незразумела чаму, пасля перапынку ўсе разладзілася, а госці, якія ідуць за тройцай Сітнік-Дадыкін-Чарыкаў, сталі сыходзіць у адрыў. Гаспадары паркета, як не імкнуліся, а пераламаць ход сустрэчы не змаглі. Вынік сустрэчы несуцяшальны – 61-102.

 

“Гродна-93” у той дзень гуляў на выездзе супраць магілёўскага “Барысфена” (відэа вышэй). Зыход сустрэчы быў лёгка прадказальны, усё ж каманды з розных палюсоў турнірнай табліцы – 101-54 на карысць падапечных Андрэя Васiлеўкі. Характэрны той факт, што ўсе заяўленыя на матч гульцы атрымалі больш за дзесяць хвілін гульнявога часу, усе адзначыліся набранымі баламі і абсалютна ўсе маюць станоўчы паказчык “+ / -“ (розніца ў ліку, калі гулец знаходзіцца на пляцоўцы). Лепшымі па набраных ачках сталі Андрэй Мастоў – 19, Арцём Малькоў і Яўген Суганяка па 17 балаў. Апошні парадаваў магілёўскую публіку двума прыгожымі завяршэннямі навясных перадач Вячаслава Каржа.

 

На дзявяты тур было запланавана другое дэрбі горада над Нёманам. Сустрэча, як і мае быць у дэрбі, прайшла ў няўступлівасці і напружанай барацьбе, аднак выканальніцкае майстэрства гараджан дало аб сабе ведаць. Момантамі яны і зусім не выпускалі са сваёй паловы баскетбалістаў “Прынёмання” . І ўсё было б добра, калі б не дваякая трактоўка момантаў суддзямі, якая мела месца са старту другой паловы.

 

У нядаўнім інтэрв’ю глаўкама “Гродна-93” ужо падымалася тэма судзейства і ў гэты вечар яна толькі абвастрылася. Зразумела, што перавага “93” да таго моманту вылічалася дзвюмя дзясяткамі ачкоў, але часам гульцы абедзвюх каманд не разумелі прычыны таго ці іншага свістка. Андрэй Тадэвушавіч фактычна ўсю чацвёртую чвэрць (адзіную прайграную гараджанамі) вёў дыялог з судзейскім трыа і не скончыў яго нават пасля фінальнага свістка.

 

“Я хачу, каб каманда гуляла ў кантактны баскетбол! Яны ж (суддзі – заўв.аўтара) бачаць, як судзяць у Еўропе!” – ніяк не мог супакоіцца Андрэй Тадэвушавіч.

“Джаль як пчала!” Дзяніс Пастухоў не дапусціў промахаў у матчы з “Прынёманнем”

 

 

Па гульні варта адзначыць дабл-дабл Аляксандра Семенюка (27 ачкоў + 10 падбораў ) і стоадсоткавую дакладнасць Дзяніса Пастухова (23 ачкі). Табло зафіксавала другую буйную перамогу “Гродна-93” і другое буйное паражэнне “Прынёмання” за тыдзень – 101-72.