Падарожжа ў братнюю Расію: што гарадзенец пабачыў у Смаленску

|

Набліжэнне Расіі пачало адчувацца за некалькі дзясяткаў кіламетраў да мяжы, калі ўздоўж трасы М1/Е30 ледзь не ў будаўнічых вагончыках сталі з’яўляцца казіно. У Расіі казіно дазволеныя толькі у некалькіх рэгіёнах, а да Беларусі нават з Масквы па добрай дарозе і на добрай машыне можна дабрацца за некалькі гадзін.

 

Потым з этэру зніклі амаль усе радыёстанцыі. Засталася толькі адна, якая перадавала нешта падобнае на “Лебядзінае возера”. Таму радыёпрыёмнік давялося выключыць.

 

Непрыемнай навіной сталася тое, што для ўезду ў дзяржаву-саюзніцу давялося набыць міжнародную страхоўку – “зялёную карту”. Праўда, каштавала яна танней чым страхоўка ў Польшчу і Літву – 10 еўра на 10 дзён. Потым яе ніхто не правяраў.

 

Было цікава, як выглядае мяжа паміж Беларуссю і Расіяй, і наколькі будзе заўважна, што знаходзімся ў іншай дзяржаве. Заўважылі спачатку доўгую чаргу фур. Легкавыя аўтамабілі перасякалі мяжу без чаргі. Двое ў форме, якія прадставіліся “памежная служба ФСБ  Расіі” глянулі на вокладкі нашых пашпартоў, нават не раскрыўшы іх. На зваротным шляху мяжу праехалі без усялякіх праверак.

Нарэшце Расія! Пра гэта паведамілі і дарожныя знакі, і адмысловая стэла, і вітальны надпіс на электронным табло.

 

Першыя расійскія населеныя пункты – ПТУШКИ і ЗЮЗЬКИ!

 

Смаленск уразіў сваім крамлём, пабудуваным у 1594-1602 гадах. З 38 яго веж захавалася аж 18 і значная частка муроў, якія атачаюць амаль увесь гістарычны цэнтр.

Некаторыя вежы актыўна рамантаваліся.

Але найбольш уразіла недагледжанасць і неахайнасць вуліц і будынкаў.

Праз некалькі дзясяткаў метраў ад цэнтральнай турыстычнай вуліцы сканчаецца тратуар і пачынаецца пустазелле на газонах і ўзбочынах.

 

Крыху далей, на ціхіх, калісьці брукаваных вуліцах прыватнага сектара, побач з плотамі дабротных катэджаў – кучы смецця.

 

Шакавала амаль паўсюдная адсутнасць разметкі на дарогах і нават пешаходных зебраў.

У цэнтры горада, пад сценамі крамля і каля іншых турыстычных аб’ектаў – суцэльны рамонт: Смаленск рыхтаваўся да 1150-годдзя. Працы вяла маскоўская фірма, а ўсе сустрэтыя намі працаўнікі і некаторыя кіраўнікі мелі ўсходні выгляд і размаўлялі на незразумелай мове.

Вуліца Леніна ў Смаленску – цэнтральная. Частка яе пешаходная, як наша Савецкая. Мы ішлі нетрадыцыйным для турыстаў маршрутам, таму выйшлі на вуліцу Леніна з іншага боку: разбітыя тратуары, даўно не рамантаваныя і не фарбаваныя дамы, зарослыя кустоўем двары.

У цывілізаванай частцы цэнтральнай вуліцы знайшлі сімпатычную піраговую лаўку “Самавар”, дзе смачна і дастаткова танна падсілкаваліся традыцыйнымі рускімі пірагамі і нетрадыцыйнай гарбатай з фруктамі, якая заліваецца кіпнем з вялізнага самавару.

У Смаленску шмат праваслаўных храмаў, бачылі праваслаўную гімназію і дзіцячы садок. Такой канцэнтрацыі цэркваў я не сустракаў ні ў адным з беларускіх гарадоў. Архітэктура ў іх таксама незвычайная для Беларусі – крытыя ганкі з высокімі сходамі нагадалі царскія палаты з фільма “Іван Васільевіч мяняе прафесію”.

Большасць з гэтых храмаў пабудаваная ў другой палове XVII-пачатку XVIII стагоддзяў, калі Смаленск адышоў з-пад улады Рэчы Паспалітай у склад Расіі, і там пачалі будаваць паводле іншых архітэктурных школ, чым у нас.

 

У цэнтры Смаленска на ўзгорку – велічны Успенскі сабор. Яго ўзвялі ў гонар абароны Смаленска ад войскаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ ў 1609-1611 гадах. Тая абарона, дарэчы, скончылася ўзяццем горада, і Смаленск да 1654 году знаходзіўся ў складзе Рэчы Паспалітай, калі пасля чарговай вайны зноў адыйшоў пад уладу Масквы. Сабор будаваўся амаль стагоддзе – з 1677 па 1772 год.

У царкоўнай краме пры саборы прадаюцца значкі з выявамі Расійскіх імператараў Аляксандра ІІІ, Мікалая ІІ, палкаводцаў Аляксандра Неўскага і Аляксандра Суворава.

 

Ужо вярнуўшыся дамоў даведаліся, што страцілі добрую камерцыйную магчымасць – трэба было везці ў Смаленск цыгарэты, а адтуль – паліва. Таму адчулі сябе сапраўднымі турыстамі, якія наведваюць іншыя краіны дзеля чыстай цікаўнасці.