Бiць цi не бiць, або каму месца на рынгу

Шмат хто лічыць, што жаночаму жаданню біць па грушы пярэчыць страх перастаць быць прыгожай, перастаць падабацца “менш прывабнай” палове чалавецтва. Але не трэба баяцца! Ёсць ужо нават людзі, якія параўноваюць жаночы бокс з танцамі, ды ўвогуле гавораць, што гэта неверагодна сэксуальна.

 

“Твой Стыль” вырашыў пацікавіцца меркаваннем пра жаночы бокс у гарадзенскіх дзяўчат, якія ўпэўнена практыкуюцца на рынгу:


Маша Сарагавец, 17 гадоў (на фота вышэй):

 

– З самага дзяцінства была фанаткай боксу, заўсёды з задавальненнем глядзела баі. Магу дакладна сказаць, што бокс – гэта мой від спорту! Захацела паспрабаваць сябе ў боксе, бо назіранне за ім з боку не прыносіць тых самых эмоцый, што ўдзел у сапраўдным баі. Калі ты нічога  не бачыш, акрамя рэферы ды саперніка і разумееш толькі, што трэба перемагаць – гэта сапраўдны кайф!

 

Калі першы раз ішла на рынг, нічога амаль не баялася, таму што злосці і сілы ва мне заўседы хапала. Бокс амаль не паўплываў на маё жыццё, толькі што агрэсіўней трошкі зрабілася. Бацькі спачатку не вельмі добра ставіліся да майго захаплення  боксам, але потым нават падтрымліваць сталі.

 

Што тычыцца адносін з хлопцамі, то яны жартуюць, што я буду іх, калі што, абараняць. Пра свае поспехі на рынгу магу сказаць няшмат, бо дзяўчыны на рынгу – гэта ўсё яшчэ вялікая рэдкасць. Я выступала толькі на чэмпіянатах  вобласці і рэспублікі, але ўзнагарод, на жаль, пакуль што не маю.


Ірына Войцік, 16 гадоў:

 

– Мне надакучылі шэрыя, аднастайныя будні, хацелая знайсці сабе занятак. Бокс даў мне выдатныя фізічную падрыхтоўку і здароўе. Займаючыся боксам, атрымліваю шмат эмоцый. Я удзельнічала ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. У сваёй вазе на рэспубліцы заняла другое мейсца. Вырашаючы, ці ісці на бокс, магу параіць спачатку добра разабрацца ў сабе, зразумець: патрэбна гэта табе ці не, ну і, канешне, схадзіць на першую трэніроўку.

Унізе справа Ірына Войцік, пасярэдзіне – трэнер Аляксей Валчан, злева – Маша Сарагавец, здымак з прыватнага  архіву  Ірыны Войцік

 

А вось якое меркаванне адносна жаночага боксу выказаў нам Аляксей Аляксандравіч Валчан, трэнер Машы і Ірыны,які займаецца з дзяўчатамі ў гарадзенскім Вучылішчы Алімпійскага Рэзерву:

 

– У Беларусі жаночы бокс – гэта новаўвядзенне. У Расіі, Украіне трэнеры займаюцца з дзяўчатамі ўжо даўно. У нас жа па ўсёй Беларусі назбіраецца, можа, дзяўчат пятнаццаць. З дзяўчатамі працаваць цікава: яны лепшыя за хлопцаў, у тым сэнсе, что больш уважлівыя і дысцыплінаваныя. Ім гаворыш зрабіць тое ды гэта і яны метанакіравана працуюць. Хлопцы адрозніваюцца тым, што ім абы патрапіць у галаву, пабіцца, ці яшчэ што-небудзь такое.

 

Неперспектыўным жаночы бокс я бы не назваў, дзяўчынкі хутчэй развіваюцца, чым хлопцы. Трэнерам, якія сумняваюцца, ці ёсць сэнс звязвацца з дзяўчатамі, магу сказаць, што сэнс ёсць.  У мінулым годзе я трэніраваў дзвюх дзяўчат, з якіх адна выйшла ў фінал першынства Беларусі, а другая заняла трэцяе месца. Тады у катэгорыі, у якой яны змагаліся, было на ўсю краіну толькі  6-7 чалавек. У гэтым годзе я ізноў набраў некалькі дзяўчат у секцыю, можа што з іх і атрымаецца.

 

Мушу прызнаць, што дзяўчаты на рынгу для мяне – гэта больш хобі, асноўная праца – хлопцы. Аднак, калі дзяўчаты маюць жаданне біцца па-спартыўнаму – дык няхай, нічога ў гэтым заганнага я не бачу.


Ці заняткі боксам вельмі траўманебяспечныя?

 

Насамрэч, баяцца ў боксе амаль няма чаго. Па траўматызме  ён займае ажно 50 месца сярод відаў спорту. Да таго, у жаночым боксе прадугледжана дадатковая экіпіроўка грудзей і ніза жывата, што робіць бокс для дзяўчат яшчэ менш небяспечным.

 

Бокс развівае фігуру, каардынацыю рухаў, умацоўвае мышцы і ўздымае тонус. На дадатак – упэўненнасць у сваіх сілах наўрадці зашкодзіць якой-небудзь дзяўчыне. Магу запэўніць, што галоўнымі супернікамі прысутнасці дзяўчат на рынгу з’яўляюцца стэрэатыпы.

 

Здымкі з архіву Ірыны Войцік і сайта bobruisk.ru