Баскетбол: першыя сюрпрызы

|

У пятнічны вечар у госці да “Гродна-93” прыехала другая каманда “Цмокі-Мінск” . Наўрадці хто чакаў сенсацыі, але паглядзець на падапечных Кандрусевіча, якія дадаюць ад гульні да гульні, бачылася цікавым. Стартавая чвэрць пацвердзіла чаканні – перавага гараджан вылічалася ўсяго трыма баламі. Але далей гараджане усухую перайгралі малодшых драконаў. Асабліва пастараліся ў гэтай справе Яўген Суганяка – 17 ачкоў і паказчык эфектыўнасці 20, Арцём Малькоў – 16 ачкоў і Дзмітрый Кузьмін, які паспеў за 25 хвілін пагуляць на ўсіх пазіцыях, пра што сведчаць 12 ачкоў плюс 9 перадач. Выніковы лік 91-64 на карысць “Гродна-93”.

 

“Прынёманне” ў гасцях у Мінску ў тамтэйшага “Імпульс-БДУІР”, не змагло перапыніць серыю паражэнняў. Да сярэдзіны трэцяй чвэрці гарадзенскія баскетбалісты вялі 43-33, аднак не ўтрымалі перавагу ў ліку і мінімальна саступілі – 64-62 на карысць радыётэхнікаў.

 

Сюрпрызы прынеслі гульні, якія праходзілі ў Асіповічах і Магілёве. Баскетбалісты “Свіслачы” на сваім паркеце абыгралі “Сож-ГДУ”, які ідзе другім – 80-75, а “Барысфен” разграміў віцебскі “Рубон” – 92-69.

 

У аўторак “Гродна-93” адправіцца ў сталіцу, дзе згуляе з крыўдзіцелямi “Прынёмання”, баскетбалістамі “Імпульс-БДУІР”. А ў зал па вуліцы Захарава прыедзе Асіповіцкая “Свіслач”, дзе будзе змагацца з дружынай Віталя Маклакова.