Песні Чэслава Немэна ізноў прагучалі ў Гродне
Наталля для сваіх канцэртаў, якія праходзяць пад назвай “Немэн, якога мы не ведалі”, абрала спецыфічную, познюю творчасць свайго бацькі. Бачна было, што ў вялікай зале гарадзенскага тэатра мала хто ведаў гэтыя кампазіцыі. Не дзіўна – у самой Польшчы альбомы “Terra Deflorata” (1989) і “spodchmurykapelusza” (2001) прайшлі амаль не заўважнымі сярод шырокай публікі, зацікавілі толькі некаторых крытыкаў.
Як кажа сама Наталля Немэн, прычынай часта называлі залішнюю складанасць і “дзіўнасць” музыкі і тэкстаў. Чэслаў, будучы мультыінструменталістам, ствараў гэтыя альбомы самастойна, з дапамогай лічбава-аналагавага інструментарыя, таму гучалі яны для многіх занадта эксперыментальна.
Магчыма, менавіта таму Наталля прэзентуе менш вядомую спадчыну бацькі з класічным складам джазавых музыкаў: гітара, бас, саксафон/кларнет, бубны ды электрапіяніна з электраарганам. У выніку гарадзенцы атрымалі паўтары гадзіны магутнага, тэхнічна дасканалага джаз-року ды прагрэсіўнага року. Якасць гуку была на вышыні, як і ўзровень выканання музыка і самой Наталлі. Не будзе лішнім сказаць, што гэта быў ці не найбольш якасны канцэрт у мінаючым годзе ў Гродне.
Natalia Niemen – Antropocosmicus
Як прызналася Наталля ў час канцэрту, музычны густ і ўменне імправізаваць ёй прывіў бацька, таму яна дазваляе сабе дадаць у некаторыя песні штосьці ад сябе. Акрамя песен Чэслава Немэна, Наталля выканала таксама адзін з біблейскіх псальмаў. Гэта і зразумела – Наталля шмат выступала як вакалістка хрысціянскіх гуртоў, займалася госпэлам, яе муж – сын пратэстанцкага пастара.
Перад канцэртам у фае тэатра адкрылася фотавыстава Малгажаты Немэн – маці Наталлі і жонкі Чэслава Немэна.
Сёння, у панядзелак 9 снежня, спадарыні Наталля і Малгажата наведаюць дом Чэслава Немэна ў Старых Васілішках.
Здымкі Яна Лялевіча