Замежнікі трапляюць у Гродна, каб вывучаць рускую мову альбо вандруючы па свеце

align=”left” alt=”Крысціяне Вольфбаўэр” >Аўстрыячка Крысціане Вольфбаўэр прыехала ў наш горад па праграме студэнцкага абмену Erasmus Mundus. Ёй 21 год і яна вучыцца на філалагічным факультэце Універсітэта імя Карла Франца ў горадзе Грац. Адной з моваў, якую вывучае  Крысціане, з’яўляецца руская. Менавіта з мэтай лепшага авалодання мовай нашых усходніх суседзяў і прыехала ў Гродна дзяўчына.

 

Крысціане вельмі падабаецца наш горад. Яе ўразіла вялікая колькасць паркаў, Нёман, нашыя цэрквы ды касцёлы і добразычлівасць гарадзенцаў, якія, як прызнае аўстрыйская студэнтка, ахвотна дапамагалі ёй, калі яна звярталася да мінакоў на вуліцы з нейкай патрэбай.

 

У якасці сувеніраў з Гродна Крысціяне набывае для сваіх аўстрыйскіх сябраў зробленыя з дрэва цацкі-амулеты на шчасце, размаляваную лыжку, а ў бліжэйшым часе хоча набыць кнігу рускіх казак і паданняў. Безумоўна напярэдадні святаў дзяўчына набывае ў вялікай колькасці калядныя і навагоднія паштоўкі. Жадае набыць сапраўдны расшыты ўзорамі беларускі рушнік.

 

У Гарадзенскім універсітэце можна зараз сустрэць яшчэ адну замежніцу з Захаду, а менавіта са Злучаных Штатаў Амерыкі. Завуць яе Кайла Тронвальд. Яе хобі – вандроўкі па свеце. Зараз Кайла зацікавілася Усходняй Еўропай і завандравала ў Гродна. Кайла падарожнічае разам з сябрамі, з якімі вучылася ў адным універсітэце ў ЗША. Перад Беларуссю яны наведалі Украіну, а пасля Гродна плануюць наведаць Польшчу, Венгрыю, Харватыю, Румынію ды Македонію.

 

Пасля Украіны ў Беларусі Кайле кінулася ў вочы чысціня на вуліцах нашых гарадоў і мястэчак. У Гродне амерыканка ўжо наведала царкву на Каложы, якая яе вельмі ўразіла, таксама зрэшты, як і Фарны касцёл.

 

“Вашыя старадаўнія будынкі проста неверагодныя!” – не хавае захаплення дзяўчына. Яе кола зносін у нашым горадзе – студэнцкае асяроддзе, у прыватнасці студэнты, якія валодаюць ангельскай мовай, бо ні па-руску, ні па-беларуску Кайла не размаўляе. У Гродне амерыканка шмат фатаграфуе, каб паказаць наш горад сваякам і знаёмым, калі вернецца дадому.

 

Кайла амаль што не набывае сувеніраў, бо шмат падарожнічае і на ўсё, што падабаецца, у яе не хапіла б месца ў торбе. Тым не менш, яна прызнаецца, што забярэ з сабой падарункі, якія атрымала ад гарадзенскіх сябраў: беларускую кнігу для запісаў, невялічкі беларускі сцяг, самаробны бранзалет і лапці з лазы.