Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду: вынікі чарговага тыдня Чэмпіянату Беларусі па баскетболе

|

Вечар аўторка абяцаў падарыць прыгожую гульню, але абяскроўленая траўмамі і хваробамі каманда Маклакова не змагла выстаяць пад напорам асіпаўчан, якія, нагадаем, турам раней абыгралі “Сож-ГДУ”, які займае другі радок. У адсутнасці галоўнага забойшчыка, Аляксандра Семенюка, ролю лідара прымерыў на сябе Павел Шулейка – 21 ачко плюс 16 падбораў. Шкада, каманда не падтрымала, і як вынік чарговае паражэнне 64 – 89.

Павел Шулейка – лепшы сярод гаспадароў

Сяргей Вабішчэвіч – адзін з лепшых у складзе гасцей

 

“Гродна-93” у гэты дзень гасцяваў у сталіцы, дзе сустракаўся з мясцовым “Імпульс-БДУІР”. Сустрэча завяршылася буйной перамогай гарадзенскіх баскетбалістаў 97 – 66.

 

У чацвер вечарам паступіла непрыемная навіна: сустрэча дванаццатага тура паміж камандамі “Барысфен” і “Прынёмання” не адбудзецца і гаспадарам залічана тэхнічнае паражэнне.

 

“За пятнаццаць хвілін да выезду паступіў званок, паведамілі, што гульня не адбудзецца. Прычына? “Барысфен” не пералічыў пакладзеныя ўнёскі ў федэрацыю”, – растлумачыў сітуацыю Віталь Анатольевіч. Сумна, праўда?

 

У пятніцу ў госці да “Гродна-93” прыехалі баскетбалісты “Рубона”. Ход гульні больш нагадваў урок спартыўнага майстэрства. Гараджане пераўзыходзілі апанента ва ўсіх складнікаў: гарадзенцы рэалізавалі 39 з 66 кідкоў, госці – 16 з 69; 48 падбораў супраць 28; гаспадары зрабілі 27 перадач, што на 20 больш за паказчык віцяблян. Выніковы лік быў прыгожы, але не вясёлы – 102 – 51.

Андрэй Мастоў забівае зверху…

…і кіруе партнёрамі ў абароне.