У Гродне адкрылася першае ў Беларусі ганаровае консульства Украіны
На цырымоніі прысутнічалі Амбасадар Украіны ў Беларусі спадар Міхаіл Ежаль і Генеральны консул Украіны ў Брэсце Алег Мысык, а таксама дыпламаты іншых краін, прадстаўнікі гарадскіх і абласных улад.
Спадар Міхаіл Ежаль адзначыў, што консульства ў Гродне – першае Ганаровае консультва Украіны ў Беларусі.
“Гэта структура Міністэрства замежных спраў Украіны, якая будзе дапамагаць ва ўмацаванні адносін у шматлікіх сферах: эканоміцы, культуры, турызме, будзе арганізоўваць элементарную дапамогу грамадзянам Украіны, якія сутыкнуцца тут з нейкімі праблемамі”, – расказаў спадар Алег Мысык.
Ён таксама дадаў, што цяпер у будынку Ганаровага консульства зможа працаваць выяздная камісія генконсульства ў Брэсце. Раней памяшканні ёй прадстаўляў гарвыканкам.
Консул Алег Мысык і Амбасадар Міхаіл Ежаль
Валянцін Байко
Амбасадар Міхаіл Ежаль і старшыня гарвыканкама Андрэй Худык апынуліся землякамі: спадар Ежаль з Вінніцы, а Худык – з Хмяльніцкай вобласці.
Месца працы новага консула. Яго ў дзень адкрыцця асвяцілі прадстаўнікі праваслаўнай царквы
Консульства будзе адчынена ў працоўныя дні з 9.00 да 18.00. Плануецца, што там будуць працаваць тры супрацоўнікі.