Польскі пасол наведаў Гродна і адкрыў выставу ў Новым замку

Адкрываў выставу Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка. Пасол наведаўся ў Гродна са святочным візітам: сустрэўся з кіраўніцтвам вобласці і каталіцкімі іерархамі, наведаў польскую школу і дзяцей з абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія”.

Дырэктар музея Юры Кітурка, Пасол Лешак Шарэпка, намеснік кіраўніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Вярсоцкі

 

Сам Лешак Шарэпка прызнаўся, што адкрываў мастацкую выставу ўпершыню і быў вельмі ўдзячны яе арганізатарам. Таксама ён узгадаў, што Гродна – культурная сталіца Беларусі, і Польшча плануе ўмацоўваць нацыянальна-культурную сувязь з нашым горадам.

     
  Паглядзець больш фота з выставы Зыгмунта “Зыха” Буйноўскага можна тут.  
     

 

Пасля выставы Лешак Шарэпка адказаў на пытанні журналістаў і падзяліўся высновамі пасля сустрэчы са старшынёй гарадзенскага аблвыканкама:

 

“Мы гаварылі аб пакрокавым збліжэнні дзвюх краін: нягледзячы на розныя погляды ў палітычнай сферы, мы павінны супрацоўнічаць, у тым ліку знайсці ўзаемавыгаднасць у супрацоўніцтве на мяжы”.

 

Спадар Пасол патлумачыў, што гэта быў візіт для таго, каб пазнаёміцца, і нельга чакаць ад яго хуткіх вынікаў. Каб супрацоўніцтва наладзілася, патрэбныя далейшыя, больш канкрэтныя сустрэчы.

Афіша той самай выставы Буйноўскага ў Гродне ў 1926 г

 

Ён адказаў на пытанні “Твайго стылю” наконт прызнання беларускіх дыпломаў аб вышэйшай адукацыі ў Польшчы:

 

“Прызнанне беларускіх дыпломаў звязана з Балонскім працэсам. Калі вы чалец Балонскага працэсу, тады ваш дыплом аўтаматычна прызнаецца на прасторы Еўрасаюза”.

 

Ён адзначыў, што ў Беларусі таксама іншая адукацыйная сістэма, якая адрозніваецца ад Польшчы нават узростам паступлення моладзі ў ВНУ (у Польшчы 12-гадовая сярэдняя школа і студэнты адпаведна на год старэйшыя – рэд.).

 

У сувязі з тым, што многія гарадзенцы непрыемна здзівіліся, калі з нашых тэлеэкранаў знік польскі канал, мы запыталі, ці ёсць магчымасць аднавіць яго трансляцыю. Аднак польскі пасол адказаў, што ўсё тэлебачанне ў Польшчы ўжо перайшло на лічбавы фармат і справа выключна ў тэхнічнай несумяшчальнасці.

 

Здымкі Яна Лялевіча