Аляксей Пяткевіч: усё пачынаецца са свайго
Прэзентацыя выдання, у якім прадстаўленыя каля паўтысячы важных датаў і падзеяў з гісторыі Гарадзеншчыны, адбылася 20 снежня ў галерэі “Крыга”.
У сваёй невялікай вітальнай прамове аўтар распавёў пра гісторыю выдання такога кшталту каляндароў у Беларусі, а таксама пра тыя цяжкасці, з якімі яму давялося сутыкнуцца, спрабуючы надрукаваць свой каляндар.
Аляксей Пяткевіч пра ўнікальнасць гарадзенскага краязнаўчага каляндара
Па словах спадара Аляксея, нават падключэнне некалькіх дастаткова ўплывовых “пратэжэ” не дапамагло надрукаваць выданне ў дзяржаўных друкарнях Мінска і Гродна.
Без адказу застаўся і зварот у “Белкнігу” з просьбай паспрыяць продажу выдання ў кнігарнях краіны. “Кніжныя” чыноўнікі проста праігнаравалі зварот чалавека, які ўсё сваё жыццё аддаў навуцы, адукацыі, краязнаўству.
Што крамольнага знайшло вока невядомых цэнзараў у згадванні імёнаў вядомых і не вельмі беларускіх настаўнікаў, медыкаў, літаратараў і іншых асобаў, звязаных з Гарадзеншчынай – так і не вядома.
У выніку краязнаўчы каляндар выйшаў маленькім накладам і патрапіць найперш у рукі тых, хто прыйшоў на прэзентацыю і каму Аляксей Міхайлавіч дашле сваё выданне адрасна.
Гарадзенская літаратарка Ала Петрушкевіч прызналася, што кожны Новы год пачынае са знаёмства з краязнаўчым каляндаром Аляксея Пяткевіча
Фота аўтара