Гарадзенскі “Варштат ідэй”: Магчымасцей больш у Менску – стэрэатып, які мы самі культывуем

Што робяць у “Варштаце”


Само слова “варштат” значыць адмыслова абсталяваны стол для ручной сталярнай працы. “Варштат ідэй” — супольнасць тых, каму неабыякавы лёс горада, з усімі навамоднымі перабудоўваннямі, зносамі і рэстаўрацыямі.

 

Такі горад, як Гародня, нельга не аберагаць. Ён сам на гэта натхняе — упэўненыя актывісты “Варштату ідэй” Таццяна Касатая і Ігар Ламека.

 

Адзін з бліжэйшых планаў — разнастаіць сувенірныя паштоўкі і магніцікі. Зараз з дапамогай менскага архітэктара Андруся Шулаева яны складаюць схемы папяровых разгортак будынкаў, якія раней былі на Савецкай плошчы — такая міні-рэканструкцыя, абгрунтаваная навукова.

Андрэй Шулаеў і Таццяна Касатая прэзентуюць папяровую Фару Вітаўта

 

Таксама ў “Варштаце” думаюць заняцца мапай горада, на якой бы былі фота гістарычна каштоўных будынкаў (іх такіх каля 320).

 

У астатні час іх мэта — ахова гісторыка-культурнай спадчыны — увасабляецца ў напісанні тэкстаў пра былую і сучасную гісторыю гораду.


Дух гораду

 

Ён складаецца не толькі з будынкаў, кампактных і прыгожых вулачак, але і з людзей. Вуліца Кірава, з вузкімі ходнікамі і тралейбусамі, якія зусім блізка, часам не падабаецца гасцям горада — маўляў, нават прайсці немагчыма. Таццяна яе любіць.

 

“Кожнае беларускае мястэчка можа пахваліцца сваёй асаблівай гісторыяй… Толькі не хваліцца”, — кажа Таццяна. “Толькі паказаць няма чаго”, — дадае Ігар. А Гародні ў гэтым плане пашчасціла і з архітэктурай, і з людзьмі.

 

У “Варштаце” працуюць і сябруюць не толькі з землякамі, але і тымі, хто проста закаханы ў Гародню, але жыве ў іншых месцах.

Ігар: “Натхняе сам горад. Дух, які нельга памацаць. Ёсць з чым параўнаць: я вучыўся і жыў у Менску. Там іншы рытм жыцця, іншае само жыццё. Можа быць, там людзі больш амбітныя. Менск, як пыласос, усмоктвае людзей. Маленькая беларуская Масква, бяздушная і некамфортная”.

 

У марах варштатаўцаў — каб Гародня мела каралеўскі статус і дух, што амбітна, але, без сумневу, магчыма праз пару дзесяткаў год.


“Магчымасцей больш у Менску — стэрэатып, які мы самі культывуем”

 

Тым, хто жадае заставацца жыць у Гародні, часта даводзіцца выбіраць: перакваліфікавацца ў тэхнара альбо застацца гуманітарыем і з’ехаць. У пошуку лепшай долі гарадзенцы з’язджаюць не толькі ў сталіцу, але і ў Польшчу.

 

“Калі табе падабаецца месца, ты будзеш там жыць і працаваць анлайн — фрылансерства ніхто не адмяняў”, — лічыць Таццяна. — “Магчымасцей больш у Менску — стэрэатып, які мы самі культывуем”.


Ігар не згодны: “Гэта не стэрэатып, а дадзенасць. У Менску больш людзей. І туды едуць з вёсак, дзе можна працаваць на малочнай альбо свінаферме, з малых гарадоў, дзе ёсць яшчэ гормолзавод”, — і кажа, што ў Гародні ўсё ж прасцей і можна працаваць не толькі на ферме. І дзе б ты ні жыў, магчымасці самі на цябе не зваляцца.


У Гародні актуальны пасат на паўкабана

 

Апроч Магчымасцяў, “тыповы” паспяховы малады гарадзенец мусіць мець айфон, айпэд і маднявую “тачылу”. Ігар: “У Гародні актуальны пасат, каб можна было закінуць паўкабана альбо заліць колькі літраў саляры. А лепш дзве тачылы: пасат, каб ездзіць у Польшчу, і бумер пяцёрка — па горадзе. Пабудаваць кватэру — а лепш, каб пабудавалі бацькі-пенсіянеры — і атрымаць дыплом юрыста на платным”.

 

Вобраз падобны да сталічнага. Але з нюансамі.

 

Па мерках “варштатаўцаў”, паспяховы малады чалавек — самадастатковы па духу ў першую чаргу, “чалавек, які можа вельмі хутка змяніць сваю спецыяльнасць з гуманітарыя на айцішніка, але не на шкоду сваей грамадскай актыўнасці”.

 

“Мне хочацца, каб гэты чалавек быў не тое каб патрыётам… Хаця б, каб адчуваў дух месца, не толькі працаваў, але і меў час, каб займацца лакальнымі грамадскімі пытаннямі”.


“У нас не развітая яшчэ гарадская культура”

 

Паспяховыя і не вельмі гарадзенцы ходзяць на дыскатэкі, у кавярні і часта ўладкоўваюцца на працу па сувязях. Паспяховыя працуюць вартаўнікамі, праграмістамі і мэнэджэрамі па продажах.

 

Гарадзенцы бываюць у лесе — дастаткова даехаць да канцавой на аўтобусе — і могуць даехаць на ровары да Друскенікаў (курортнае мястэчка ў Літве) у дзьюці фры.

 

Часам раздумваюць, дзе правесці вольны час — малаваты выбар, на думку Таццяны. “Калі праходзіць па вуліцах, нават летам убачыш не так шмат людзей — у нас не развітая яшчэ гарадская культура. На вулічны канцэрты трэба браць дазвол, і гэта абмяжоўвае”.

 

Частка моладзі ратуецца ў “Трэцім сектары”, які тут актыўны і зрабіўся месцам стасункаў.


Паркоўка для “тачылы”

 

На пытанне, што б зрабілі з мільёнам даляраў, Ігар цікавіцца: а ці можна што-небудзь забараніць?

 

Можна, чаму б і не. Ігар з задавальненнем забараніў бы аўтамабільны рух у цэнтры горада і зрабіў бы яго пешаходным; яшчэ паклаў бы новыя веласцежкі і пусціў бы турыстычны паравозік без рэек па цэнтры горада. Ну, можа, зрабіў бы парковачкі па перыметру цэнтра — для “тачыл”.

 

На рэшту грошай Таня стала б “аднаўляць тое, што знікла, і рэстаўраваць тое, што яшчэ ёсць”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў межах рэдакцыйнага спецпраекту ampby.orgСталіца, пасунься!”.