У антыкафэ “Живое время” прайшла першая чайная цырымонія

|

“Які ў вас тут незвычайны пах!” – здзіўляюся я, калі заходжу ў антыкафэ з марознай вуліцы. У памяшканні пахне завараным чаем і нейкімі духмянасцямі. На некалькі гадзін антыкафэ ператварылася ў сапраўдны кітайскі чайны домік, дзе праводзяцца тыя самыя цырымоніі, якія мы, хутчэй за ўсё, бачылі толькі ў кіно.

 

Нетаропкія рухі, размовы шэптам і прыглушанае святло – усё гэта стварала асаблівую атмасферу.

У некалькіх кутках памяшкання размесціліся столікі з рознымі гатункамі чаю. Тут адбывалася сапраўднае чараўніцтва – недзе чай падагравалі на адкрытым агні, недзе залівалі кіпнем, а недзе чакалі, каб вада астыла.

 

“Зялёны чай нельга заварваць кіпнем, бо лісточкі вельмі далікатныя. Для іх патрэбны асаблівы падыход”, – распавядае Аляксей, адзін з арганізатараў.

 

Чайнай цырымоніяй ён займаецца ўжо амаль пяць год, далучыў да свайго хобі сяброў і знаёмых. Разам яны стварылі адмысловы клуб аматараў чаю і пачалі прасоўваюць свае ідэі ў масы – распавядаць і частаваць рознымі гатункамі. Такую цырымонію ў нашым горадзе яны правялі ўпершыню.

 

“Той чай, што прадаецца ў нашых крамах – не вельмі добрай якасці. Хочацца, каб як мага больш людзей даведаліся, што ёсць іншыя гатункі і яго смак можа быць іншым”, – расказвае Даша, адна з арганізатарак цырымоніі.

 

Пакуль мы размаўляем, мне прыносяць кубачак. “Гэта малочны ўлун – так называецца гэты чай. Пакаштуй, ён вельмі смачны”, – кажа Даша. Сапраўды, быццам дадалі таплёнае малако. Кажуць, што калі куст чаю расце, яго паліваюць малаком.

 

Улун ці оолонг з’яўляецца паўферментаванай гарбатай і знаходзіцца недзе паміж зялёным і чорным чаем.

 

А вось малочны ўлун, ці Най Сян Цзінь Сюань, самы папулярны сярод улунаў. Існуе памылковае меркаванне, што малочны ўлун так называецца, таму што яго вымочваюць у малацэ. Аднак, насамрэч, малако не выкарыстоўваецца. Для таго, каб дамагчыся малочнага смаку, яго араматызуюць. Першы варыянт  вельмі дарагі і складаны – куст чаю апрацоўваюць трасніковым цукрам, а карані сапраўды паліваюць раствораным малочным парашком. Потым куст абсыпаюць рысавым шалупіннем. Другі варыянт – больш танны – апрацаваць сабранае лісце малочным экстрактам.

 

Расце малочны ўлун у Тайване і вырабляецца на аснове гарбаты Цзінь Сюань – Залатая кветка. Гэты чай расце ў гарах на вышыні 700-1000 метра. Збіраюць яго восенню і вясной.

 

“Вельмі смачна”, – кажу я, а Даша ўжо працягвае мне новы кубачак. На гэты раз там чай з  жэньшэнем. На смак вельмі салодка, а калі пацягнуць ротам паветра, гэты смак толькі ўзмацняецца. Вось такое чайнае чараўніцтва!

 

За суседнім столікам каштуюць розныя гатункі пуэра. Гэты чай параўноўваюць з добрым вытрыманым віном або каньяком. І гэта невыпадкова.

 

Пуэр з гадамі становіцца толькі лепш, а самыя дарагія гатункі пуэра вытрымліваюцца 15-25 гадоў. У Імператарскім палацы ў Кітаі захаваўся чай 300-гадовай вытрымкі.

 

Пуэр лічыцца моцнадзейным лекам шырокага прымянення. У Кітаі яго называюць “гарбатай ад ста хвароб” за яго здольнасць гэтыя хваробы прадухіліць. Пуэр зніжае ўзровень цукру ў крыві, выводзіць яды і цяжкія металы, дапамагае схуднець і захаваць маладосць.

 

Даша кажа, што лічыць чай псіхатропным  ці энергетычным напоем няправільна. Канешне, танізуючыя якасці чаю ніхто не адмяняў, але ад піцця гарбаты няма ніякіх пабочных эфектаў. А некаторыя гатункі даюсь зусім іншы эфект – ад іх хочацца спаць. Так што можна сказаць, што чай можа дапамагчы пры бяссоніцы.

 

І ўвогуле, з правільным чаем жыццё набывае яркія фарбы.