Мастак Уладзімір Кіслы ведае, як уратаваць Каложу

|

Рэстаўрацыяй прадметаў мастацтва, перш за ўсё для музею, ён займаецца 34 гады. У Горадні на фасадах касцёлаў захаваліся драўляныя скульптуры, якім некалькі стагоддзяў. Уладзімір Кіслы прыклаў рукі да іх аднаўлення. Ён распавядае:

 

“Рабіўся рамонт фасаду бернардынскага касцёла. З яго знялі фігуры святых, якія былі ў дрэнным стане. Струхлелая драўніна. Фігуры вялікія: два з паловай метры на паўтара — прыкладныя габарыты. Польскія рэстаўратары паабяцалі іх аднавіць. Але фасад пафарбавалі, і ўлады патрабуюць, каб рыштаванні былі знятыя: маўляў, псуюць гарадскія віды, стаяць насупраць драмтэатра. Гэта азначала, што трэба фігуры вяртаць назад. А ў немаўляці адсутнічала палова твару, ручкі, ножкі.

 

Прыйшлося ў музейным падворку зрабіць намёт, бо ў майстэрні яны б не змясціліся, дый немагчыма было іх нават праз вакно пранесці. І потым: жахлівыя пахі ад эпаксідных прэпаратаў. І мне давялося свінства развесці, таму што шліфаваць з грунтамі і ляўкасамі — справа вельмі брудная, смярдзючая. Затое турыстам было цікава. І я зрабіў кансервацыю трох святых: Алены з крыжам, Бернарда і Антонія з дзіцём на руках”.

 

Працаваць давялося хутка, зазначае мастак:

 

“На жаль, то мы дзесяцігоддзямі зусім нічога не робім, то пачынаем спяшацца. Бо нехта прыедзе, або ўлады сказалі рыштаванні прыбраць. Палякі, з якімі спачатку дамаўляўся ксёндз, сказалі, што рэстаўрацыя кожнай фігуры зойме некалькі гадоў і каштаваць будзе як новы японскі аўтамабіль, прычым трэба іх будзе вывозіць у Польшчу”.

 

Уладзіміру Кісламу заплацілі нашмат сціплей. Затое ён заўсёды мае працу, кажа мастак.

 

     
  Вялікі матэрыял “Твайго стылю” пра працу Уладзіміра Кіслага чытай тут.  
     

 

На пачатку 1980-х гадоў Каложа (храм ХІІ стагоддзя) належала Рэспубліканскаму музею гісторыі рэлігіі. Потым яе перадалі царкве, і Уладзіміру Кісламу здаецца, што ў гэтым была памылка. Чаму?

 

Кіслы: “Якая ж гэта царква, калі там, можна сказаць, дзве сцяны засталіся (астатняя частка з дошак). І цяпер, калі ідзе гаворка пра яе рамонт, рэканструкцыю, гэта азначае — пусціць туды будаўнікоў. Бацюшкі захочуць, каб на ёй былі цыбуліны. Яе трэба трактаваць як гістарычны аб’ект. І потым: ніхто не ведае, як выглядала гэтая царква. У яе крытычны геамарфалагічны стан, таму што кожны год з’яўляюцца трэшчыны. Я думаю, карставыя пароды не так проста замацаваць. А калі яшчэ дабавіць вагі, а будаўнікі гэта зробяць, то нічога добрага яе не чакае”.

 

 

Праўда, мастак кажа, што ў яго ёсць асабісты план уратавання Каложы. Ён вывучаў гідралогію, мае вышэйшую геаграфічную адукацыю:

 

“У Горадні Нёман цячэ ў цясніне. І ў месцы, дзе стаіць Каложа, самы напор вады, адтуль рака паварочвае ўлева. Вада мае неверагодную сілу, а трэба ўлічыць, што пласты ў каложскім пагорку крэйдавыя, лёгка паддаюцца эрозіі. Колькі ні ўмацоўвай, бераг усё роўна будзе падмываць. Але ў нас ёсць гавань, порт (затока Нёмана насупраць Каложы). Калісці нібыта тут быў рачны востраў. Калі насупраць царквы насыпаць пару дамбаў з камянёў і зрабіць востраў, разбіўшы плынь на два рукавы, і тым паслабіць напор вады, гэта магло б даць вынік. Бо пагорак умацоўвалі пры цару, цяпер умацоўвалі, але кожны год з’яўляюцца новыя трэшчыны. Я думаю, што мы можам у будучыні страціць гэты аб’ект”.

 

Сам Кіслы паходзіць з Дубна, вялікай вёскі на беразе Нёмана. Першыя карціны ўбачыў у царкве святога Мікалая, дзе былі абразы. Разглядаў, як намаляваны рукі, ногі, твар, перажываў вострыя пачуцці.

 

Раней храмы ў наваколлі былі ўніяцкія, расказвае ён:

 

“Побач з хутарам Кустоўка ўніяцкая царква ў 1828 годзе ўпала ў Нёман, яе падмыла. Дагэтуль расказваюць, што стаяла царква і правалілася пад зямлю, і ўтварылася возера, якое і цяпер называецца Царкоўнае. Яно ўтварылася са старыцы. Падмыла так, як падмыла Каложу ў 1853 годзе. Вядома, што гэта была царква святога Яўстаха. І што цікава: іканастас паспелі разабраць, і ён цяпер у дубненскай царкве”.

 

Каля Дубна Нёман робіць паварот, мэандар, так што вёску падмывае, апавядае Уладзімір Кіслы:

 

“Кожны год увесну, у паводку, калі рэжацца стромы бераг ракой, то падае да дзясятка хат, але людзі паспяваюць выселіцца. Каб спыніць гэта, пачалі спрамляць рэчышча. Але раскапалі пойму, пракапалі прамы канал (добра відаць на спадарожнікавым здымку з інтэрнэту), каб пусціць ваду ў іншае рэчышча, — і кінулі некалькі гадоў таму працу недаробленай, скончыліся грошы”.

 

У студэнцкія гады мастак быў знаёмы з пісьменнікам Уладзімірам Дамашэвічам. Той пазнаёміў яго з легендарным Уладзімірам Караткевічам.

 

Мастак успамінае:

 

“Што мяне потым найбольш уразіла, — што Караткевіч не паленаваўся напісаць да мяне два разы, і я маю гэтыя лісты. Я не лічу, што з ім сябраваў, але гарэлку піў з Уладзімірам Сямёнавічам. Я ведаю, што Горадню ён вельмі любіў. Калі ён спытаў — адкуль ты, хлопец, паходзіш, — я сказаў, што з Дубна, — ён тут жа дастаў здымак дубненскай царквы, сказаў: я там быў! Быў і ў школе маёй. Па-мойму, Караткевіч належаў да такіх людзей, для якіх не было такога месца ў Беларусі, якое б яны сваімі нагамі не спраўдзілі. Я ўжо тады маляваў, падарыў яму сваю карціну — “Кароль Стах аддае душу д’яблу” называлася. Дзе тая карціна, які яе лёс, не ведаю.

 

Мне пашчасціла на добрых людзей. Я нікуды наўмысна не лез, я звычайны майстар, але так складалася, што я шмат у сваім жыцці сустрэў цікавых людзей”.

 

     
  Пра выставу “Вандроўкі” Уладзіміра Кіслага, што праходзіла год таму, чытай тут.  
     

 

Крыніца: Радыё Свабода

Здымкі Радыё Свабода і з архіву “Твайго стылю”