У Гродне з’явіўся новы біскуп: вялікі фотарэпартаж “ТС” з біскупскага пасвячэння кс. Юзафа Станеўскага
Намінацыйную булу Папы Францішка прачытаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдзіа Гуджароці (на фота ніжэй).
У ходзе абраду пасвячэння, у час спеву Літаніі да Усіх Святых новы біскуп няжаў ніцма, што выражае пакору. Пазней усе прысутныя іерархі па чарзе ўскладалі рукі на галаву намінанта. Малітву пасвячэння прачытаў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Новы біскуп атрымаў кнігу Евангелля і адзнакі біскупа: персцень, мітру і пастарал.
Гасцямі на ўрачыстасці былі ўсе біскупы Беларусі, Апостальскі Нунцый, біскуп Віленскі Гінтарас Сагрушас, грэка-каталіцкае духавенства разам з архімандрытам Сяргеем Гаекам, прадстаўнікі праваслаўнай царквы і лютаранскай супольнасці, прадстаўнікі уладаў горада і вобласці, дыпламаты, а таксама надзвычай вялікая колькасць вернікаў.
У канцы службы біскуп Юзаф блаславіў прысутных сваім першым біскупскім бласлаўленнем.
Вось так выглядае герб біскупа Юзафа Станеўскага:
У правым (адпаведна геральдычнай сістэме) верхнім залатым полі, якое сімвалізуе хрысціянскія цноты (веру, справядлівасць, міласэрнасць), а таксама багацце і ўладу, знаходзіцца сімвал прабітага сэрца ў цярновым вянку, з якога выходзіць полымя агню і прамяні. Гэта сімвал Ізуса Хрыста. Гэты сімвал звязаны з роднай парафіяй ксяндза біскупа Юзафа ў Занявічах.
У левым (адпаведна геральдычнай сістэме) верхнім блакітным полі, якое сімвалізуе чысціню, вернасць, блакіт неба, а таксама з’яўляецца колерам марыйным, знаходзіцца вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі, які шануецца ў іконе Маці Божай Вастрабрамскай – заступніцы Віленскай архідыяцэзіі, з якой часткова ў 1991 годзе і была ўтворана Гродзенская дыяцэзія.
У ніжнім зялёным полі, якое сімвалізуе надзею, свабоду, радасць і багацце, знаходзіцца сімвал горада Гродна – алень св. Губерта з залатым крыжам паміж рагамі.