Дом-батлейка: як ажывіць закінутыя гарадзенскія камяніцы?

Праект мае на мэце ўключэнне закінутых дамоў у жыццё горада праз стварэнне на іх фасадах унікальных інсталяцый. Праект выклікаў на “Кірмашы” гарачую дыскусію.

 

Аўтарка праекта патлумачыла нам, адкуль да яе прыйшло натхненне. Ідэю Наталля падгледзела ў часе паездкі ў Літву.

 

“У Кейданах ёсць знакаміты мастак. Сярод яго праектаў быў закінуты дом (на фота вышэй і ніжэй), на рэканструкцыю якога не хапала грошай. Каб гэты дом не пужаў усіх сваім занядбаным выглядам, было вырашана ўпрыгожыць яго інсталяцыямі, звязанымі з мясцовымі легендамі, з жыццём горада”, – расказвае Наталля.

Выгляд гэтага дому адразу зацікавіў яе. “Спачатку я нават падумала, што гэта мясцовы тэатр лялек. Але, калі падыйшла бліжэй, мне патлумачылі, што гэта арт-праект, фінансаваны гарадскім саветам. Ён упрыгожвае мясцовасць і вабіць сваім выгядам гараджан. Такія гарадскія інсталяцыі таксама вельмі папулярныя ў Францыі”.

 

У Гродне шмат такіх занядбаных дамоў, рэстаўрацыя якіх наўрадці адбудзецца хутка. Каб фасады старых дамоў не  палохалі жыхароў і гасцей горада, можна ўжыць такія інсталяцыі. Яны б дапамаглі “ўліць” гэтыя дамы ў гарадское асяроддзе.

 

“Дом стаў бы культурным аб’ектам, аб’ектам мастацтва. З дапамогай яго магчыма было б раскрыць гісторыю Гродна”, – кажа Наталля.

 

 

Што дасць гэты праект гарадзенцам? Дом, хоць і застанецца закінутым, але ўжо не будзе палохаць сваім выглядам. Па-другое, на што звяртае ўвагу Наталля, на дамах маглі б быць выявы заснавальнікаў горада, культурных дзеячаў. Можна было б адлюстраваць горад праз тыповыя для яго рамёствы. Такі інсталяцыі дапамаглі б чалавеку пераасэнсаваць жыццё горада, па-іншаму аднесціся да яго, падкрэсліць характар Гродна, яго самабытнасць.

 

“Мы ўсе ведаем, што жывем у слаўным горадзе Гродна, але дзе ж гэта слава? Канкрэтна паказаць пальцам, не наведаўшы музей, амаль што немагчыма. А тут чалавек змог бы прайсціся, убачыць знаёмыя твары, і ўжо стане прыемна і сэрдцу і душы. Гэта як радыё: калі мы чуем песню, якая натхняе нас, наводзіць на новыя думкі, то мы атрымліваем асалоду. Так і тут: мы змаглі б убачыць выявы цікавых людзей і потым засяродзіць увагу на кімсці канкрэтным. Шмат у каго з’явіўся б гонар за сваю гарадскую супольнасць”, – лічыць Наталля.

Наталля Паўленка на Кірмашы праектаў, здымак budzma.by

 

Якія цяжкасці трэба пераадолець, каб ажыццявіць такі праект? У першу чаргу патрэбны дазвол ад гарадскіх улад, каб легальна змяняць фасады будынкаў. Нічога не атрымаецца і без спонсараў. Але Наталля ўпэўнена, што знойдуцца  людзі, неабыякавыя да свайго горада і яго культуры.

 

“Тым больш, гэты праект не патрабуе вялікіх грошай. Інсталяцыі робяцца са звычайных матэрыялаў, часам непрыдатны для чагосьці іншага”.