У Гродне затрыманы расіянін, які п’яны і без правоў уцякаў ад ДАІ
Замест таго, каб спыніцца на гукавы сігнал, пазадарожнік пачаў набіраць хуткасць і адрывацца ад патрульнага аўтамабіля ў бок вуліцы Перамогі.
Каля філармоніі парушальніка дагналі. Кіроўца выехаў на вуліцу Падольная, але там дарогу яму заблакаваў службовы аўтамабіль, – паведамляе прэс-служба ДАІ.
У час пагоні BMW праехаў на чырвонае святло светлафора, не прапускаў пешаходаў, выязджаў на сустрэчную праз суцэльную паласу разметкі.
24-гадовы кіроўца – жыхар Калінінграда. Сцвярджае, што ў Гродна прыехаў па працы. Акрамя яго ў аўтамабіле знаходзіліся дзве дзяўчыны і брат парушальніка. Усе разам яны ноч правялі ў кватэры на вуліцы Пушкіна. Кіроўца, які напярэдадні піў гарэлку, раніцай пахмяліўся і вырашыў развезці знаёмых па дамах.
Утрыманне алкаголю ў крыві парушальніка ў шэсць разоў перавышала дапушчальную норму. Правоў на кіраванне аўтатранспартам хлопца пазбавілі ў Расіі каля трох гадоў таму.