Таўлай: шляхамі “літаратурнай і рэвалюцыйнай дзейнасці”

Танк, Васілёк, Ільяшэвіч, Пястрак, Таўлай… Усе яны ў астрогах пісалі пра волю, а на волі – працягвалі барацьбу, зноўку пракладаючы сабе шлях у казённыя муры віленскіх Лукішак, Гарoдні альбо Бярозы.

 

Валянцін Таўлай нарадзіўся 8 лютага 1914 у Баранавічах у сям’і чыгуначніка. Як піша сам паэт у аўтабіяграфіі, бацька ў хуткім часе пасля польскай акупацый быў звольнены, як “неблаганадзейны”. Неўзабаве памерла маці… Самому хлопцу таксама не шэньціла з новай уладай: за тое, што ўказаў у графе нацыянальнасці “беларус”, быў выключаны з вучыцельскай семінарыі ў Слоніме ў 1927 г.


“Прыходжу дамоў. Расказваю бацьку, што і як. Бацька спахмурнеў. Пакруціў галавой, але за сарваную вучобу не журыў: “Што ж, пасядзі ў хаце, павучыся дома, а на другі год пабачым” – згадвае Таўлай у сваіх успамінах.

 

Крыўда – нацыянальная, сацыяльная, асабістая – стала добрай глебай для зерня камуністычнай прапаганды, якая падцягвала ў шэрагі левых усю тагачасную радыкальную моладзь з “Крэсаў”. Не мінуць і два гады, як Таўлай будзе выключаны з чарговага месца вучобы – Віленскай беларускай гімназіі – за арганізацыю вучнёўскага страйку. Гэты перыяд паклаў пачатак яго актыўнай грамадскай і літаратурнай працы, тады ж – першая адсідка ў слонімскім ды гродзенскім астрогах.

 

16-гадовы (!) Таўлай пісаў з-за кратаў нібы адстрэльваў набоі з абоймы:


Панове, скончыў я. Чарга – за прыгаворам.

Пайду ў турму і веру – будзе год,

Калі маю прамову дагаворыць

Натхнёны барыкадны кулямёт!

 

І тут жа – лірычныя ды нават глыбокія філасофскія матывы:


Такі прадоністы спакой

Глядзець праз воблік зор халодны,

Што я паспакайнеў душой

І – у няволі стаў свабодны.

 

Адразу па вызваленні Таўлай трапляе ў край сваіх мараў – БССР. Рэспубліка напярэдадні рэпрэсій і русіфікацыі, тарашкевіца – яшчэ афіцыйная мова справаводства, легенды беларускага руху – не проста на свабодзе, а на высокіх пасадах, літаратура на роднай мове выдаецца тысячнымі тыражамі. Мэта прыезду – “…атрыманне належнай падрыхтоўкі да далейшай рэвалюцыйнай і літаратурнай дзейнасці”  (фармулёўка самога Таўлая). Так і хочацца часам паставіць знак роўнасці паміж гэтымі двума заняткамі ў жыцці маладога паэта.

 

Пасля – вяртанне ў Заходнюю Беларусь, рэвалюцыйная дзейнасць, арышт, Лукішкі, турма ў Вілейцы. Тут нараджаюцца радкі, якія аднолькава пасуюць да біяграфіяў Танка, Васілька, Пестрака ды шмат каго яшчэ з іхных аднагодкаў:


– Што ж ты, хлопча, раскідаешся гадамі,

Год – у Гродне, у Вілейцы – год…

Пазнаёміўся з турмой-мадамай,

Зацягнуў цябе дрыгвяны вір балот….

 

Цікава, што нават за кратамі Таўлай працягваў кіпучую дзейнасць: “…правіў і быў членам рэдакцыі літаратурнага штомесячніка камеры палітвязняў віленскай турмы Лукішкі пад назвай “Краты”, які выдаваўся толькі ў рукапіснай форме” (з аўтабіяграфіі). Цяжка зараз сабе ўявіць “літаратурны ўнутрыкамерны рукапісны штомесячнік” нават сярод адукаваных палітвязняў, не?

 

З турмы паэта вызваліла Чырвоная Армія ў 1939. Напад немцаў у 1941 заспеў Таўлая ў Лідзе. Перад беларускім актывам ды інтэлігенцыяй (нават былымі КПЗБоўцамі) стаў выбар: ісці на супрацу з чарговымі акупантамі альбо змагацца на баку Масквы. Таўлай выбраў апошняе – быў сувязным, друкаваўся ў партызанскіх выданнях, у 1944 нават стаў кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы “Буравеснік”.

На здымку 1944 года, зробленым падчас ІІ Усебеларускага кангрэсу ў занятым яшчэ немцамі Мінску, стаяць:  Валянцін Таўлай, Тодар Лебяда, Алесь Салавей, Сяргей Хмара, Хведар Ільяшэвіч, Масей Сяднёў… пакуль што разам, пакуль што на Радзіме, пакуль што жывыя. Таўлай выконваў на кангрэсе заданне савецкіх спеслужбаў, што наўрадці была таямніцай для ўсіх ягоных гімназічных сяброў ды калегаў па пяру. Ніхто не здаў, наадварот… Цягам вайны, крыху раней за 1944, Таўлай разам з сям’ёй апынуўся ў засценках СД, адкуль вызваліўся праз месяц “…толькі з-за выпадковасці арышту, подкупу і інш. дапамозе з боку сяброў” – сведчыць паэт у аўтабіяграфіі.

 

Што ж гэта за загадкавая “дапамога з боку сяброў”? Аказваецца, камуніста Таўлая з нямецкай турмы выцягваў… былы хадэк і дзейсны кіраўнік “Самапомачы” ў Лідзе Адольф Клімовіч (на здымку). Вось так: акупанты прыходзяць і зыходзяць, а салідарнасць паміж беларусамі – застаецца. Праўда, самога Клімовіча лёс не пашкадаваў, ды і заступіцца, мабыць, не было ўжо каму: арышт у 1952, вышэйшая мера – расстрэл, замененая на 25 год лагероў.

 

Таўлай перажыў вайну. Трагічна склаўся лёс ягонага бацькі-чыгуначніка, які заставаўся “неблаганадзейным” пры любой акупацыі: з Асвенціма ён так і не вярнуўся. Менавіта бацьку Таўлай прысвяціў ці не найбольш шчырыя свае радкі, напісаныя дзесяцігоддзем раней на Лукішках:


Зноў цябе, мой родны, сустракаю

За маўклівай брамаю турмы.

Не такая то сустрэча, не такая,

Пра якую летуцелі мы!

 

Слова шчырае на вуснах вяне, –

Усё чужыя вушы на віду…

Толькі вочы свецяцца вітаннем,

Толькі сэрцы гутарку вядуць. ()

 

Прыйдзе час – абваліцца пад ломам

Гэты мур падточаны, стары,

І на першым сонечным праломе

Абмяняюцца слязой сябры.

 

Пот абцёршы, выйдзем, хто не згінуў,

П’яныя ад полымя, ў крыві.

Толькі ты, мой родны, мой адзіны,

Да хвіліны гэтай дажыві.

 

Валянцін Таўлай перажыў бацьку не нашмат. Цікавы эпізод, які кажа пра трываласць ягоных камуністычных перакананняў, згадвае паэт са Слоніма Анатоль Іверс , які наведаў Таўлая ў лякарні на пачатку красавіка 1947:  Адсунуўшы ўбок лісткі паперы, з ледзь улоўнай усмешкай ён сказаў: “Доктар абяцаў выпусціць да 1 мая…”.

 

Да 1 траўня Таўлай так і не дажыў, як не дажыў да канца Сталіншчыны, хрушчоўскай “адлігі”, “перабудовы” ды незалежнай Беларусі. Цікава, як бы тады зірнуў на свет і што мог бы распавесці зацяты змагар, які не аддзяляў творчасці ад барацьбы?

 

Валянцін Таўлай памёр 27 красавіка 1947 года.

Таўлай з жонкай