Футбольны “Нёман” стартуе гульнёй са “Слуцкам”
Супернікам “Нёмана” будзе каманда, якая ніколі раней не гуляла ў вышэйшай лізе беларускага футболу.
Цікава, што спонсарамі абедзьвух каманд у мінулым сезоне з’яўляліся цукровыя заводы (Скідзельскі і Слуцкі). Таму можна казаць пра своеасаблівае “салодкае дэрбі”, якое чакае гарадзенскіх заўзятараў.
У складзе “Слуцка” гарадзенцы могуць убачыць і добра ім знаёмага раней па выступах за “Нёман” абаронцу Андрэя Горбача (на здымку ніжэй), які гэтай зімой перайшоў у склад дэбютантаў вышэйшай лігі з “Дняпра”.
Гульню другога тура гарадзенцы згуляюць у гасцёх 5 альбо 6 красавіка супраць мінскага “Дынама”.
У мінулым сезоне “Нёман” выйграў у гэтай каманды 3 гульні з чатырох і таму супернікі маюць на хлопцаў Сяргея Саладоўнікава асаблівы “зуб”.
Зараз гарадзенцы знаходзяцца на зборы ў Турцыі. Увечары 11 лютага яны згуляюць з варонежскім “Факелам” з другой лігі чэмпіянату Расіі.
На здымку: Шар з нумарам “Нёмана” у час лёсавання выцягнула прадстаўніца гарадзенскага футбольнага фан-сектару Вольга Трафімовіч.
Фота: kick-off.by і sfc-slutsk.by