Гарадзенскія вулічныя музыкі – хто яны?
Надвор’е ў мінулую суботу спрыяла музыкам. На вуліцы Савецкай у гэты дзень на невялікай адлегласці адзін ад аднаго гучаў рускі рок, польска-беларускі шансон ды амерыканскі хэві-метал. Хто яны і чаму граюць на вуліцы? – задала я сабе пытанне і паспрабавала пачуць адказы з першакрыніцы.
Мяркуючы па адказах музыкаў, якія згадзіліся са мной паразмаўляць, большасць з іх цэніць вольную творчасць на вуліцах Гародні і нават не імкнецца загнаць сябе ў рамкі традыцыйных музычных калектываў. Такі стыль жыцця ім значна больш да спадобы.
Эдуард, 27 гадоў
Прафесійны баяніст з 18-гадовым стажам, але грае на акустычнай гітары, таму што на баяне, па яго словах, зімой граць холадна. За плячыма ў яго сур’ёзная музычная адукацыя: школа, каледж і ўніверсітэт. “На вуліцы” ён 11 гадоў. Для публікі выконвае пераважна рускі рок: ДДТ, Кіпелава, Цоя, Сплін. Гастралюе таксама па вуліцах гарадоў Расіі і Украіны. Але і ў Гродне, у пераходзе каля Скідзельскага рынка, зарабляе няблага – 200 тысяч рублёў за паўтары гадзіны. А па вясельным дням на Савецкай столькі ж можна атрымаць за адну толькі песню ад шчаслівых і шчодрых маладых пар.
“Пяць гадоў я граў без усялякіх кепак, чахол паклаў – і табе кідаюць. А потым адзін чалавек навучыў, што калі яшчэ ходзіць хтосьці і збірае грошы – зарабіць можна больш. Проста не ўсім хочацца падыходзіць блізка да музыкі”, – вывучыў псіхалогію мінакоў Эдуард.
Па суботах у музыкі атрымліваецца зарабляць да 700 тысяч рублёў, а ў месяц у сярэднім – пяць мільёнаў. Кажа, што хапае на “покушать” і здымнае жытло. Таксама грае на вяселлях і карпаратывах, калі нехта ўбачыць яго выступ на Савецкай і запросіць.
“Кватэра ўжо чатыры гады чакае, а я не магу атрымаць крэдыт. Дзеля гэтага трэба хаця б тры месяцы дзесьці афіцыйна папрацаваць. У мяне ёсць прыватны дом з чатырма пакоямі, у якім зараз жыве бабуля, але па завяшчанні дзядулі ён будзе маім, толькі калі ажанюся”.
Па словах Эдуарда, ажаніцца яму ўжо карціць, але адпаведную дзяўчыну малады чалавек пакуль не знайшоў. У той час як патэнцыйная нявеста Аня, з якой у іх няспынныя сваркі, нервова паліць у баку, вулічны музыка прапануе сваю руку і сэрца мне: “Выходзьце за мяне замуж, з часам прыйдзе каханне, – як бы ўгаворваючы кажа Эдуард, а потым дадае: – Яно ўсё роўна праходзіць потым”.
Эдуард занепакоены тым, што з ягонымі адвольнымі заробкамі яму “не ідзе” працоўны стаж. Раней ён спрабаваў працаваць прадаўцом, грузчыкам і нават перапрацоўшчыкам слімакоў.
“Нецікава гэта ўсё. Тры месяцы працуеш і надакучвае. Творчы чалавек павінен працаваць па сваёй спецыяльнасці, – разважае музыка, а потым быццам пярэчыць сам сабе: – Хочацца знайсці такую працу, каб цікава было, для душы, нават калі гэта не будзе звязана з музыкай”.
Недалёка ад Эдуарда на Савецкай граў таксама скрыпач, які аб’ездзіў амаль усю еўрапейскую частку Расіі – ад Масквы да Сочы. Але, пакуль я размаўляла з Эдуардам, ён знік. Мне патлумачылі, што на сёння гора-музыка “сваю партыю адыграў”, альбо, інакш кажучы, “на бутэльку зарабіў”.
Аляксей, дзевяцікласнік
Хлопец таксама не скардзіцца на дрэнныя музычныя заробкі на вуліцах Гродна. Граць выходзіць час ад часу, калі з’яўляецца жаданне. Бедны школьнік, як ён сам сябе называе, улетку за дзве гадзіны “лабання” на гітары атрымліваў па 200 тысяч рублёў.
“Выбіраем месца, дзе вольна, там і граем. Звычайна на Савецкай, у пераходзе на плошчы і на Скідзельскім. Граць на публіцы весела”.
У музычным рэпертуары Аляксея – амерыканскія рок-гурты. Праўда, ён выконвае толькі мелодыі, сам не спявае. У будучыні хлопец плануе атрымаць адукацыю псіхолага, музычныя ўстановы яго не прывабліваюць.
Юры (Юмі), 60 гадоў
Перад пенсіяй не змог працаўладкавацца. На Савецкай спадар Юры даволі часты госць – чацвёрты год запар, калі надта не перашкаджае надвор’е, пасля трох гадзін ён на сваім звычайным месцы – каля аркі-брамы. Пра свае даходы распавядаць не захацеў, але запэўніў, што “на хлеб хапае”.
“У мяне стыль жыцця такі, я граю на вуліцы для людзей. Душа спявае, і пры аказіі – нешта зарабляеш, – дзеліцца сваёй жыццёвай філасофіяй Юры. – Калі добра спяваеш – табе ў любым месцы заплацяць. А маё месца вельмі добрае, яно намоленнае. Я прыходжу, спачатку малітву чытаю, каб голас быў, а потым пачынаю граць”.
Спадар Юры сачыняе і выконвае песні на беларускай, польскай і рускай мовах. У яго рэпертуары – 45 кампазіцый. Музыку запрашалі ў розныя гарадзенскія ансамблі, але ён марыць запісваць сольныя альбомы. Праўда, праблема ў спадара Юрыя з інтэрнэтам. Перасоўвацца па сеціве ён пакуль што не навучыўся, але ўжо пачынае асвойваць ноўтбук. Пакуль творчасць замацаваць не атрымліваецца, не бачыць выйсця акрамя таго, каб дзяліцца ёй з мінакамі на вуліцы.
“На ўсё патрэбныя грошы. Без спонсараў добры дыск не запішаш, – запэўнівае аўтар і выканаўца. – Хоць у прынцыпе ў мяне добрыя песні. Проста яшчэ не лёс, час прыйдзе і ўсё будзе нармальна, – не губляе аптымізму музыка. – Тэкстоўка нармальная, так усе кажуць. У мяне тры песні пра Гродна, пра Беларусь ёсць…”
Юры пачынае распавядаць пра сваю творчасць. Але раптам спыняецца, бо трэба ж дзяліцца ёю з мінакамі.