Гарадзенскія школьнікі змагаюцца ў конкурсе па творах Васіля Быкава

Пяты, юбілейны конкурс сачыненняў “І толькі слова ў вяках жыве”, які праводзіць ГрДУ імя Янкі Купалы, ужо набліжаецца да завяршэння, але школьнікі старэйшых класаў яшчэ маюць мажлівасць паўдзельнічаць у ім. Сёлета конкурс прысвечаны творчасці Васіля Быкава, якому ў гэтым годзе споўнілася б 90 год.


Як падкрэсліваюць арганізатары конкурса, кожны год ён прысвечаны іншай тэме, звязанай з юбілеем ці святам.

 

Для Гродна выбар юбілею Васіля Быкава, як нагоды да тэматыкі конкурса сачыненняў – цалкам натуральны, бо славуты беларускі пісьменнік частку свайго жыцця жыў і працаваў у нашым горадзе.

 

Па словах арганізатара творчых змаганняў, выкладчыцы беларускай мовы ў ГрДУ Святланы Тарасавай, папулярызацыя твораў Быкава не з’яўляецца галоўнай мэтай конкурсу:

 

“Ён узнік, як форма прапаганды як рускага, гэтак і беларускага мастацкага слова і мае на мэце прыцягненне ўвагі да  філалогіі большай колькасці вучняў. Мэта такая таму, што зараз у грамадстве філалагічная  адукацыя адышла на другі план з-за росту папулярнасці тэхнічных, ды іншых негуманітарных навук. Мы хочам давесці, што ніводная з гэтых навук, калі чалавек не ўмее граматна пісаць і выкладаць свае думкі, нічога не значыць. Хочацца, каб гэты конкурс неяк пераканаў нашых школьнікаў у тым, што быць граматным, дасведчаным і, галоўнае, прафесійным у плане валодання словам – гэта патрабаванне часу, якое не міне”.

 

Што ж тычыцца выбару творчасці Быкава, як тэмы для сёлетняга конкурсу, Святлана Тарасава ўзгадвае не толькі юбілей пісьменніка, але таксама тое, што гэты год з’яўляецца юбілейным годам першай сусветнай вайны і годам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта па гэтай прычыне да конкурсу па творчасці Быкава рэкамендаваныя тэмы пра вайну. Вось некаторыя з прапанаваных тэмаў па беларуску: “Горкая праўда вайны ў творах Быкава”, “Людзьмі нас робіць чалавечнасць (паводле твораў Быкава)”, “Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут – трава (Васіль Быкаў)”. І рускія прыклады: “Почему мне дорог праздник победы 9 мая”, “Я читаю Быкова…”, “Читает мир его войну (по творчеству Быкова)”.

 

Другая прычына, па якой да конкурсу прапанаваныя тэмы звязаныя з ваеннай прозай пісьменніка – тая, што менавіта быкаўскія творы прысвечаныя вайне, уключаныя ў хрэстаматыі і школьную праграму. Але гэтая акалічнасць не абмяжоўвае выбар удзельнікаў конкурсу. Яны могуць звяртацца да ўсяго літаратурнага багацця, якое пакінуў нам у спадчыну пісьменнік.

 

Калі казаць пра актыўнасць вучняў і ўзровень творчых прац, якія прыходзяць на конкурс, то па вопыту мінулых гадоў Святлана Тарасава адзначае вучняў гарадзенскіх 32 сярэдняй школы, 4 і 9 гімназіі, а таксама Ліцэю № 1.

 

Пра тое, ці старшакласнікі ахвотна ўдзельнічаюць у сёлетнім быкаўскім конкурсе сачыненняў, мы папрасілі распавесці  выкладчыцу беларускай мовы і літаратуры ў ліцэі №1 Вольгу Несцяровіч:

 

“Проза Быкава даволі папулярная сярод вучняў, але яны разумеюць: каб напісаць творчую работу, трэба прыкласці вялікія намаганні. Акрамя таго, яны ўсведамляюць, что трэба напісаць арыгінальна, непаўторна, не так, як ужо напісана ў іншых крыніцах. Па гэтай прычыне шмат хто баіцца ўдзельнічаць  у конкурсе. Хаця, у мяне ў кожным класе ёсць вучні, якія цікавяцца: што варта было б прачытаць дадаткова? Але Быкаў увогуле ўспрымаецца некаторымі дзецьмі з цяжкасцю, таму што сюжэт ягоных псіхалагічных твораў не развіваецца хутка, у ім часта толькі адзін ці некалькі герояў. Але ж я заўседы дзецям раю: “Чытайце і спрабуйце зразумець, таму што такую глыбіню вы мала дзе знойдзеце”. Трэба ж думаць, “трэба варушыць мазгамі”, трэба пазнаваць жыццё і праз такія цяжкія творы, як творы Быкава.

 

Быкаўскія творы падаюцца мала займальнымі, бо ў іх, напрыклад, няма дэтэктыву, не так, як творы Шамякіна, тэксты якога чытаюцца хутка, бо ў іх шмат сюжэтых ліній, шмат герояў. Быкава чытаць цяжка, таму што ў яго творах ёсць супярэчлівасць, ёсць глыбокая філасофскасць, якую трэба аналізаваць, перажываючы за герояў. Да таго ж быкаўскія творы характэрызуе трагічны фінал і дзецям гэта не заўсёды падабаецца”.

 

Настаўніца  спадзяецца, што сёлетнія пераможцы конкурсу сачыненняў атрымаюць у якасці ўзнагародаў кнігі Васіля Быкава, што было б лагічна. Але пакуль што інфармацыя пра ўзнагароды не разгалошваецца. Мажліва, прычына ў тым, што апошнім часам Быкаў амаль што не выдаецца ў нашай краіне, а творы, не ўключаныя ў школьную праграму, увогуле знайсці цяжка на паліцах кніжных крамаў.

 

Цікава, што сёлетні конкурс, акрамя сачыненняў па творах Васіля Быкава, прадугледжвае таксама спаборніцтва ў катэгорыі малюнкаў па творах пісьменніка. Плануецца, што найлепшыя з малюнкаў будуць выстаўленыя ў музеі пісьменніка ў Гродне.