Ці трэба беларусам святкаваць Дзень святога Валянціна?
Калі шукаць у інтэрнэце па запыце “Дзень святога Валянціна”, дык атрымліваецца, што дзясяткі і сотні спасылак пераказваюць, з некаторымі варыяцыямі, адну і тую ж легенду.
Разбярэмся спачатку з фармальнай нагодай да свята – той нагодай, якая адлюстравана ў яго назве.
Ці быў такі святы насамрэч? Так, святы Валянцін жыў у італьянскім горадзе Цёрне ў III стагоддзі і быў пакараны смерцю 14 лютага 270 г.
Ён праваслаўны святы ці каталіцкі? Агульны. Усе святыя, якія здзейснілі сваю справу ў Заходняй Еўропе да 1054 года, да разрыву паміж цэрквамі, гэта таксама праваслаўныя святыя.
Сёння Дзень святога Валянціна амаль для паловы жыхароў Зямлі ператварыўся ў паўнавартаснае свята. У розных краінах да яго ставяцца па-рознаму, недзе святкуюць шырока, недзе вельмі сціпла.
Размаўляючы пра традыцыі, трэба адзначыць, што з цягам часу малавядомы звычай пасылаць любым 14 лютага невялікія сувеніры і запісачкі, які існаваў галоўным чынам у Англіі і Францыі, разам з эмігрантамі трапіў у Новы Свет, дзе і быў пастаўлены на шырокую нагу. Пачыналася ўсё досыць бяскрыўдна, з вершаў, надрукаваных на адрыўных старонках у дапамогу закаханым, не адораным паэтычным талентам. Але паступова дух нашага камерцыйнага часу ўзяў сваё.
У самой наяўнасці свята, прысвечанага ўзнёсламу пачуццю, нічога дрэннага няма. Тым больш, што сучаснае грамадства адчувае вострую нястачу кахання і элементарнай чалавечай цеплыні. Хранічныя стрэсы і стомленасць сучаснага чалавека псіхолагі злучаюць менавіта з дэфіцытам шчырых пачуццяў. Аднак у Беларусі, які ва ўсім свеце, “свята чыстага і светлага кахання” набыло камерцыйнае адценне.
Я вырашыла запытацца ў праваслаўнага святара, што ён думае пра гэты дзень.
“Што да святкаванні дня памяці святога Валянціна як Дня закаханых — хацелася б, каб людзі помнілі пра каханне, вернасць, адказнасць у адносінах заўсёды, а не толькі адзін дзень у годзе.
Апроч таго, Каталіцкая Царква ў Беларусі і Еўропе адзначае 14 лютага свята святых Кірылы і Мяфодзія, апекуноў Еўропы, асветнікаў славянаў.
З чым жа цяжка пагадзіцца – гэта з тым, што гэты дзень часам выкарыстоўваюць для прапаганды павярхоўных, безадказных адносін, так званага вольнага кахання”.
Святар нагадаў, што 8 ліпеня Руская Праваслаўная Царква традыцыйна ўспамінае святых апекуноў сям’і і шлюбу – Пятра і Феўронню Мурамскіх. Гэта свята ў Расіі адзначаецца як Дзень сям’і, кахання і вернасці.
“Не трэба забываць і пра гэта свята — наадварот, яго трэба максімальна прапагандаваць, таму што яно злучана з тымі ідэаламі, якія добрыя не проста тым, што яны традыцыйныя, а тым, што яны вядуць чалавека да сапраўднага шчасця”.
У нашым жыцці, насамрэч, кахання праўдзівага, якое не шукае карысці для сябе, зусім мала. Але ці часта мы самі кажам сваім любым пра свае пачуцці? Ці часта імкнемся парадаваць іх проста так, без канкрэтнай нагоды?
Хіба не зусім добра, калі нам з дапамогай іншаземнай традыцыі нагадваюць пра тое, што добра было б зрабіць якую маленькую радасць для нашых самых родных і любых людзей. Не трэба забывацца і пра тое, што ад нас саміх залежыць – паддавацца камерцыйнаму руху ці ствараць штосьці сваё.
Свята кахання – гэта выдатна. Але не гучнае, пафаснае, якое адзначаецца практычна па адзіным сцэнары, а сапраўднае свята закаханых людзей, што дазваляе нам успомніць пра тое, што мы не толькі бацькі, дзеці, адказныя працаўнікі, пастыры і вернікі, але яшчэ і проста мужчыны і кабеты, якія кахаюць і якіх кахаюць.
У рэшце і на Вялікдзень нехта напіваецца да свінскага стану, на Хрышчэнне нехта вядзьмарыць, а многія чакаюць Каляд толькі дзеля зніжак на распродажах. Гэта ж не нагода забываць пра сапраўдны сэнс гэтых святаў. Таму і Дзень святога Валянціна трэба чакаць, каб яшчэ раз падараваць сваім родным і блізкім радасць і цеплыню.