Гарадзенскі досьвед – у іншыя рэгіёны краіны

|

Гаворка пра гэта ішла 30 чэрвеня ў Гродне на абласной канферэнцыі, прысвечанай гэтаму пытанню.

Першая ў Беларусі праграма прадстаўлення кваліфікаванай дыстанцыйнай прававой дапамогі была распрацаваная Інавацыйным цэнтрам юрыдычнай адукацыі, які дзейнічае на юрыдычным факультэце гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы.

Праграма скіраваная на прававую дапамогу маламаёмасным грамадзянам з невялікіх гарадоў і сельскай мясцовасці.

Як паведаміў “Твайму стылю” кіраўнік Інавацыйнага цэнтру сп. Ігар Кузьмініч, на базе 10 мясцовых інфармацыйна-прававых цэнтраў, якія працуюць пры бібліятэках у розных мясцовасцях вобласці, быў арганізаваны прыём малазабяспечаных грамадзян, якія маюць патрэбу ў прававой дапамозе.

Адмыслова падрыхтаваныя супрацоўнікі гэтых цэнтраў выслухоўвалі іх патрэбы і перасылалі інфармацыю пра гэта з дапамогай электроннай пошты ў Гродна.

Тут за працу браліся студэнты-юрысты, якія з дапамогай кансультантаў – адвакатаў-выкладнікаў універсітэту рыхтавалі свае парады па вырашэнні той альбо іншай праблемнай сітуацыі і дасылалі іх назад у бібліятэку, з якой прыйшоў запыт.

Як паведаміў сп. Кузьмініч, за чатыры месяцы праекту было атрымана і апрацавана 20 зваротаў ад насельніцтва.

Найчасцей людзей (звычайна – жанчын ва ўзросце ад 35 да 45 год) хвалявалі пытанні, звязаныя з рознымі аспектамі працоўнага і пенсійнага заканадаўстваў, сацыяльнага забеспячэння.

У час канферэнцыі адзначалася карысць для ўсіх заангажаваных у такую працу людзей: студэнты атрымліваюць добрую практыку, бібліятэкі ператвараюцца з пасіўных распаўсюджвальнікаў літаратуры ў цэнтры, якія дапамагаюць вырашаць праблемы людзей, малазабяспечаныя і вясковыя жыхары маюць шанс на атрыманне бясплатнай кваліфікаванай прававой дапамогі.

Удзел у сустрэчы браў кіраўнік Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Краўцоў. Менавіта ад гэтай структуры ў многім залежыць тое, ці будзе станоўчы гарадзенскі досьвед пераняты ў іншых рэгіёнах краіны.

На здымку: перад удзельнікамі канферэнцыі выступае дырэктарка гарадзенскай абласной бібліятэкі імя Карскага Лідзія Мальцава