Тыдзень у Нарвегіі: гатэль з ільду, ферма хаскі, кэмпінг сярод снягоў

|

Осла сустрэў нас лёгкім мароза і снегам. З аэрапорту Осла мы паляцелі далей, на поўнач, у город Алта. Алта – горад у правінцыі Фінмарк, размешчаны на беразе Алта-фіёрду (акваторыя Нарвежскага мора). Горад самы вялікі ў правінцыі, насельніцтва больш за 18 тысяч чалавек – гэта як у нашых Мастах. Але Алта не была нашым канчатковым пунктам на шляху. У аэрапорце нас сустрэў аўтобус і мы адправіліся ў кэмпінг, які знаходзіўся прыблізна ў 80 кіламетрах ад горада.

 

Па дарозе нам давялося ўбачыць тое, што сапраўды можна расцэньваць, як цуд. Паўночнае ззянне так раптоўна з’явілася на небе, што мы нават не адразу зразумелі, што гэта.

 

Аўтобус спыніўся і мы ўсе, як заварожаныя, выйшлі каб паглядзець на гэты прыемны мяккі зялёны свет, які разліваецца па небе. Нягледзячы на тое, што было дзве гадзіны ночы і было холадна, мы хвілін 20 не маглі адарвацца ад нарвежскага неба.

Мы не здарма абралі месцам свайго адпачынку менавіта Алтафіёрд кэмпінг ў мястэчку Лангфіёрд. Ціхае месца на беразе фіёрду найлепш падыходзіць для сапраўднага зімовага адпачынку. Тут ёсць і горы, і лес: адным словам – усё каб цікава правесці час.

Жыць у кэмпінгу можна ў драўляных хатках, у кожнай па чатыры чалавекі. Яны размешчаны ў 10-15 метрах адна ад адной. Утульную атмасферу стварае драўляны інтэр’ер. У кожнай хатцы ёсць свая гасцявая кніга, каб адпачываючыя людзі маглі пакінуць нейкі запіс на памяць. Калі ёсць ахвота, ежу можна прыгатаваць на маленькай электрапліце. Ёсць у доміках і халадзільнікі.

На тэрыторыі кэмпінга агулам каля 40 такіх хатак. Непадалёк знаходзіцца двухпавярховае адміністратыўнае памяшканне: на першым паверсе знаходзіцца кухня, санвузлы і саўна, а на другім – агульная гасцёўня і бібліятэка.

 

Незвычайна тое, што ў Нарвегіі светавы дзень доўжыцца вельмі мала. Сонца ўсходзіць прыблізна ў 10 гадзін раніцы, а заходзіць у тры гадзіны дня! Таму нашай першаснай задачай было выкананне  турыстычнага плану ўсяго за пяць гадзін у дзень.

Няма часу і месца, каб распавесці пра ўсё, што здарылася падчас тыдню нашага адпачынку, пра людзей, з якімі давялося спаткацца, і шмат чаго іншага… Таму дзялюся тым, чым можна заняцца ў Алтафіёрдзе падчас адпачынку.

Большая частка візіцёраў у кэмпінг прыязджае на так званы ўікэнд. Гэта, у асноўным, самі нарвежцы, з блізкіх вёсак ці гарадоў, якія, як і мы, жадаюць дакрануцца да прыроды і весела правесці выхадныя. Яны прыязджаюсь сюды з сябрамі, альбо з сем’ямі, катаюцца з гор на санках, лыжах, або снегаходах. Амаль у кожнага дарослага нарвежца ёсць свой снегаход.

Цягам тыдня ў Нарвегіі складана добра зразумець краіну, традыцыі, людзей. Але некаторыя асаблівасці адразу кідаліся ў вочы. Нарвегія – дэмакратычная краіна. Там усе роўныя, незалежна ад таго, мужчына ты ці жанчына. Нарвежцы ветлівыя людзі. Мы пазнаёміліся з некаторымі з іх і яны з ахвотай прапанавалі нам пакатацца разам з імі.

 

У адлегласці двух-трох кіламетраў ад кэмпінгу знаходзіцца прыватная ферма, завітаўшы на якую, можна пазнаёміцца з сабакамі хаскі, пагуляць з імі і пакатацца на ўпражцы.

Хаскі – вельмі разумныя і прыгожыя сабакі, у блакітныя вочы якіх немагчыма не закахацца. Яны вельмі сяброўскія па сваёй натуры: так і хочуць кінуцца табе ў рукі. Кожная з сабак мае сваё імя і свой характар, але ўсё яны заўсёды прагнуць кінуцца ў бязмежную снежную прастору. Гэта ў іх у крыві.

Падчас адпачынку мы завіталі ў самы паўночны лядовы гатэль ва ўсёй Скандынавіі – Sorrisniva.

Цікава тое, што ўсё ў гатэлі выраблена з ільду, нават кілішкі ў бары. На яго будаўніцтва пайшло 50 тон ільду! З прыходам вясны ён, канешне, растае, але будзе пабудаваны зноў у снежні. І так ужо 15 год. Гатэль разлічаны на 20 пакояў, з ледзянымі ложкамі і мэбляй, а таксама цеплаізалюючым матрацам і спальным мяшком. У кожным пакоі свой інтэр’ер.

Прыгожае абсталяванне і вялікая колькасць ледзяных экспанатаў нагадвае музей, які не пакіне нікога абыякавым.

Каралеўства Нарвегія – казачная краіна. Завітаўшы сюды, чалавек нібыта трапляе ў сапраўдную снежную казку. Тут ёсць чым заняцца і ёсць што паглядзець.  І, канешне, сюды варта завітаць, каб на свае вочы пабачыць паўночнае ззянне, якое нам пашчасціла сустрэць некалькі разоў.

 

Карэспандэнтка “Твайго стылю” пабывала ў Нарвегіі ў якасці ўдзельніцы праекта “We are the world”, што праходзіў у межах праграмы “Моладзь у дзеянні”. Больш пра гэты моладзевы абмен чытай тут.

 

Здымкі аўтаркі і ўдзельнікаў праекта “We are the world”