ХК “Нёман” сустрэўся з заўзятарамі: маркетынг для клуба не на першым месцы

|

Напярэдадні гульняў плэй-оф АЧБ па хакеі, 2 сакавіка ў гарадзенскім лядовым палацы прайшла сустрэча кіраўніцтва і гульцоў хакейнага клуба “Нёман” з заўзятарамі. Пра сустрэчу піша чытач “Твайго стылю” і аматар хакею Dieter.


Сустрэча выклікала цікавасць у гарадзенцаў – зала прэс-цэнтра была паўнюткай. Прысутнічала шмат жанчын і дзяцей.

На стале красаваўся Кубак пераможцаў рэгулярнага чэмпіянату па хакеі 2013-2014гг.

Спачатку старшыня праўлення клуба Анатоль Варывончык падзякаваў за падтрымку і распавёў пра паўсядзенныя справы клуба, галоўны трэнер Сяргей Пушкоў таксама адзначыў добрую падтрымку ў час хатніх гульняў і на выездзе, калі гарадзенцаў прыязджае больш, чым ёсць сваякоў, сяброў і знаёмых ў мінскага “Юнацтва”, і распавёў пра падрыхтоўку да гульняў накаўт-раўнда.

Затым кіраўніцтва і гульцы адказвалі на пытанні прысутных аматараў хакея. Цікавасць вызвалі як пытанні мэтазгоднасці далейшага ўзаемадзеяння з “Дынама-Мінск” у якасці фарм-клуба, кадравага састава на гульні плэй-оф і падрыхтоўкі каманды да іх жа, так і мажлівасць выдзялення аўтобуса за кошт клуба хоць на адну з выязных гульняў “Нёмана” (у прыватнаці, хоць бы толькі для дзяўчат у гонар жаночага свята і хоць бы на 70% за кошт клуба на гульню 8 сакавіка ў Брэсце). Пыталіся і пра вельмі важныя для ўсіх аматараў спорту і заўсёды цяжка рэалізуемыя беларускімі клубамі на практыцы маркетынгавыя пытанні.

Дарэчы, адзін з прадстаўнікоў кіраўніцтва, намеснік старшыні праўлення Мікалай Левановіч, на пытанне пра афіцыйны сайт паабяцаў, што з наступнага сезону будзе новы сайт “Нёмана”, які стане “бомбай” у сэнсе афармлення, падачы матэрыяла, напоўненасці і г.д., і нават будзе лепшы, чым у мінскага “Дынама”.

 

Што датычыцца больш актыўнай рэкламы клуба ў горадзе, правядзення прома-акцый, рознага кшталту конкурсаў, гульняў, продажу атрыбутыкі, рознай прадукцыі ад імя і пад маркай ХК “Нёман” у гандлёвых кропках горада, то гэтыя моманты, як удалося зразумець, зараз не з’яўляюцца прыярытэтнымі для кіраўніцтва за-за цяжкасцей найперш з матэрыяльнымі сродкамі, якія неабходны для арганізацыі ўсяго вышэйпералічанага.

 

Хаця, як усё ў далейшым будзе стасавацца з указам №191 прэзідэнта “аб аказанні падтрымкі спартовым арганізацыям і клубам”, паглядзім. Згодна з ім, клубы павінны да 2015 года выйсці на 50% акупнасці.

 

Пытанне іміджа і павелічэння колькасці аматараў хакея і непасрэдна “Нёмана” сярод гарадзенцаў для чэмпіёна Беларусі зараз не на першым месцы, тым больш што на плэй-оф білеты заўсёды размятаюцца самі сабой. Што ж, час пакажа, ці маглі б вышэйназваныя мерапрыемствы з’яўляцца своеасаблівай прынадай для прыхільнікаў хакея, а таксама “падушкай бяспекі” для падтрымання высокай наведвальнасці гульняў у любы перыяд жыццядзейнасці клуба.

У канцы сустрэчы ўсе жадаючыя – найперш дзеці – змаглі атрымаць сувеніры ад клуба, сфатаграфавацца альбо прыватна пагутарыць з гульцамі, папрасіць у іх аўтографы.

 

Больш фота ў фотаальбоме “Сустрэчы ХК “Нёман” з заўзятарамі” Укантакце