Гарадзенцы збіраюць подпісы пад петыцыяй супраць тытунёвых кіёскаў
“Мы стараліся напісаць петыцыю так, каб яе захацеў падпісаць нават той, хто сам паліць. Мы не выказваемся радыкальна супраць продажу цыгарэт, але супраць той формы, у якой будзе іх продаж арганізаваны ў Гродне”, – кажуць стваральнікі петыцыі.
Яны лічаць, што вынікам эксперымента будзе толькі рост даходаў тытунёвай фабрыкі “Нёман” коштам здароўя гарадзенцаў. Таму аўтары патрабуюць, каб колькасць кіёскаў у адкрытай гарадской прасторы была змешчана, кіёскі зніклі з прыпынкаў грамадскага транспарту і былі перанесеныя ў існуючыя гандлёвыя плошчы (супермаркеты, крамы і рынкі). Яны таксама лічаць, што колеры кіёскаў павінны быць менш яскравымі і на іх не павінна быць надпісу “Табак”.
Прачытаць петыцыю цалкам і падпісаць яе можна на change.org. Петыцыя адрасавана Міністэрству здароўя, Савету Міністраў, старшыні гарадзенскага гарвыканкама Андрэю Худыку, абласному Савету дэпутатаў і Упраўленню аховы здароўя аблвыканкама.
Як паведамлялася раней, на Гарадзеншчыне паводле плану маюць з’явіцца 200 жоўта-блакітных кіёскаў з надпісам “Табак”, з іх 100 у Гродне. Другім горадам, дзе працягнуць “эксперымент” стане Магілёў, там паставяць пакуль толькі шэсць кіёскаў.
У тых кіёсках, што ўжо працуюць у Гродне, цыгарэты выкладаюцца ў адкрытую, праз шкло кіёска асобныя пачкі бачна здалёк. Гэта пры тым, што ў камерцыйных кіёскаў даўно забароненая адкрытая выкладка.
Даведаўшыся пра тое, што гарадзенцы ў інтэрнэце абураюцца з нагоды ўсталявання кіёскаў, а многія дасылаюць папяровыя лісты і звоняць у гарвыканкам, “Твой стыль” вырашыў запытаць, што сапраўды думаюць жыхары горада пра тытунёвы “эксперымент”.
Галіна, настаўніца (імя зменена па жаданню жанчыны):
Я палю, але гэта не пачка ў дзень, магу сабе дазволіць у дзень максімум 2-3 цыгарэты. Бываюць тыдні і месяцы, калі я ўвогуле пра гэта не ўспамінаю. Калі я на сваім прыпынку ўбачыла кіёск з надпісам “Табак”, я зразумела, што спакуса купіць цыгарэты рэзка павялічваецца. Яшчэ, убачыўшы гэты шапік сёння ўвечары на страшнай цёмнай вуліцы Дубко, я падумала, што ні за якія грошы не згадзілася б там працаваць. А каб мяне там забілі? Гэта ж як небяспечна. Я дрэнна стаўлюся да тытунёвых кіёскаў як да дадатковай правакацыі папаліць. Калі б там талончыкі прадавалі яшчэ…
Леанарда, пенсіянерка:
Я б іх увогуле вынесла за горад! (смяецца) Але ўсе ж лепш хай іх прадаюць у ларках, чым у крамах разам з прадуктамі. Таму што да гэтага ларка падыйдзе менавіта той чалавек, які паліць, ды і паху не будзе гэтага тытуню. А дзе большасць людзей бывае? У прадуктовых крамах.
Вікторыя, выпускніца школы:
Паколькі я тры гады таму пераехала з бацькамі жыць у Амерыку, і ў Беларусь наведваюся час ад часу, дык параўную з Амерыкай. Увогуле там прыпынак транспарту – гэта слуп, на якім напісаны два маршруты, ні ларкоў, ні нават скамеечак няма. Цыгарэты, я жыву ў штаце Пенсільванія, у Філадельфіі, можна набыць у аптэках ці ў “вава” (маленькія кругласутачныя крамкі з кавай і бутэрбродамі). Аднак там патрэбна заўсёды паказваць id (накшталт пашпарта), яго пытаюць нават у майго таты, якому 40 гадоў.
А ўвогуле пра курэнне хтосьці сказаў, што на пачках з цыгарэтамі трэба пісаць што людзі, якія іх купляюць не толькі марнуюць сваё здароўе, але і павышаюць бюджэт чыноўнікаў.
Кіра, маці школьніка:
Я цалкам падтрымліваю дзяржаўную палітыку ў плане развіцця сваёй беларускай прадукцыі. Пытанне ў наступным: якімі сродкамі гэта робіцца? Мера гэтага рэспубліканскага эксперымента – паставіць кіёскі паўсюль для даступнасці грамадзян – не зусім правільная. Па першае, уласны прыклад: я ішла з дзіцём са школы, ён прачытаў надпіс “Табак” і спытаў: “Мама, а зараз усе будуць паліць, зараз так трэба?” Чаму ў яго паўстала такое пытанне? Таму што ён убачыў ларок на адным прыпынку, на другім. Дзеці, падрастаючае пакаленне, лічаць гэта нормай, таму што гэтыя кіёскі паўсюль. І я згодна з людзьмі, якія гавораць што гэта свабодны доступ для школьнікаў – сама неаднаразова бачыла, як дзецям прадаюць цыгарэты. Трэба ўлічыць “эфект натоўпу”: зараз усе, хто не паліць, захочуць паліць. Я хачу абараніць сваё дзіця ад таго меркавання, што гэта можна, модна і даступна. Ён у мяне пытае: хто дазволіў, калі нельга курыць, ставіць кіёскі. Ён жа не можа зразумець, што гэта эканамічна неабходна. Мне, напрыклад, крыўдна, што не ўсюды можна купіць праязны дакумент, затое цыгарэты зараз – усюды.
Аляксандр, студэнт:
Як гаворыцца, ёсць попыт – ёсць і прапанова. Я лічу гэта станоўчай з’явай, бо гэта павышае якасць абслугоўвання насельніцтва. Калі чалавек захоча папаліць, яму не трэба будзе бегчы і шукаць краму. Кожны сам за сябе адказны, паліць ці не – вырашаць самому, а магчымасць павінна быць.
Супрацоўнік навучальнай установы, пажадаў застацца ананімным:
У мяне няма адназначнага меркавання. Па першае, я чалавек, які не паліць, таму ёсць ларкі, няма ларкоў, мне абсалютна ўсё роўна. Па другое, калі б я быў за ўсталяванне тытунёвых ларкоў, я б іх на прыпынках не ставіў. Прыпынак – гэта месца масавага засяроджвання людзей, у тым ліку і дзяцей, атрымоўваецца, што лішняя рэклама курэнню. Па трэцяе, тытунёвая фабрыка таму і існуе, што яна павінна прадаваць свой тавар. Яна гэта робіць, перш за ўсё, у сваіх інтарэсах і сваіх працоўных, таму, артымоўваецца, што ў інтарэсах людзей. Гэта бюджэтныя грошы, якія ідуць у падаткі, у рэспубліку і горад. Як і любы новы працэс, гэты працэс патрабуе вывучэння. Калі ён дасць адмоўны эфект (будзе больш моладзі, якая паліць), яго трэба спыніць, калі – не, то не. Адзіны напружваючы момант – месца ўсталявання. Трэба было размяшчаць разам з алкагольнымі крамамі, там кантынгент адзін і той жа. Далей ад школ.
Сяргей:
Насцярожвае адначасовае масавае прарастанне тытунёвых ларкоў. Такога я яшчэ не памятаю. МакДональдс дагэтуль не можа разрадзіцца ў нашым горадзе хаця б у адным месцы, а тут – адразу і паўсюль. Падобна на нейкую афёру з крэдытамі.