“Апошні прас на вуглях быў выпушчаны на Лідсельмашы ў 1974-м, калі чалавек ужо лятаў у космас!”

На выставе можна ўбачыць каля 250 размаітых прыладаў для выпрасоўвання адзення: пачынаючы ад старадаўніх скавародак, у якія закідвалася вуголле, сканчаючы спіртавымі, паравымі і нават газавымі прасамі ХХ ст. (на выставе прадстаўленыя ўсе віды, акрамя сучасных электрычных).

Розны не толькі прынцып працы, але і форма прадстаўленых экспанатаў: ад маланечкіх даўжынёй 5 см прасаў для выгладжвання карунак на жаночай бялізне, да 17-кілаграмовых “монстраў” – “шынэльных прасаў”. Нават чалавеку, які цікавіцца гісторыяй, цяжка сабе ўявіць усю размаітасць і глыбіню тэмы, не пабачыўшы ўсё на свае вочы.

Экспанаты для выставы паходзяць з калекцый гарадзенца Сяргея Ярша. Сам уладальнік збору прызнаецца, што пачатак калекцыя бярэ ад аднаго праса, які яму выпадкова трапіў на вочы ў Свіслачы на пачатку 2000-х. Ну і далей пайшло-паехала – “заразіўся”.

 

– Нас, калекцыянераў, некаторыя не ўспрымаюць як нармальных людзей. Напрыклад, калі паглядзець, што я цягну дахаты – гэта “жэсць” поўная. Спачатку быў і негатыў з боку родных, зараз – прынамсі не замінаюць (смяецца). Ну а жонка зацікавілася, мае нават сваю калекцыю – старых фотаапаратаў.


Якія шляхі папаўнення вашай калекцыі?

 

– Тут прадстаўлена каля 60 % майго збору, то бок далёка не ўсё. Ну а сабраць такую колькасць атрымалася дзякуючы блашыным рынкам, інтэрнэту, паездкам. Некаторыя прасы ідуць на дэталі і рэстаўрацыю іншых, нешта – на абмен.


Ці ёсць у Вашай калекцыі прас беларускай вытворчасці?

 

– Так, у нас прасы актыўна выпускаў Лідсельмаш, Мінскі і Магілёўскі краватныя заводы ў 1950-х. Цікава, што апошні вугальны прас Лідсельмаш выпусціў у 1974-м, калі чалавек ужо паляцеў у космас. Ну а апошні безправадны (награвальны) – наогул у 1991…


Ці выкарыстоўваюцца неэлектрычныя прасы зараз?

 

– Чуў, што награвальныя прасы выпускаюцца ў Польшчы. Справа ў тым, што іх выкарыстоўваюць рэстаўратары ў працы з карцінамі: прыпальваюць фарбу.

Падобная аб’ёмная выстава прасаў, калі гаворка ідзе на сотні экспанатаў, са словаў Сяргей Ярша, першая ў Беларусі. Дагэтуль калі рабіліся, то зборныя экспазіцыі з некалькіх калекцыяў на некалькі дзясяткаў прадметаў – не больш.

 

Гродзенцы мецьмуць мажлівасць завітаць на выставу побытавых “параходаў” да 7 красавіка.

 

Здымкі Яна Лялевіча