Аўстрыйская валанцёрка пра Гродна: “Калі размаўляла па-ангельску па тэлефоне, людзі ў аўтобусе глядзелі на мяне, як на дзіва”
Дзяўчына, як і яе калега Міхаэль, была ўдзельніцай многіх праектаў, якія ладзіць “Трэці сектар”. Адной з асноўных актыўнасцяў была дапамога ў вывучэнні нямецкай мовы навучэнцам праграмы “Універсітэт Залатога Веку”.
“Спачатку мне было цяжка, я разумела, што калі навучэнцы не будуць мяне разумець, я не змагу дапамагчы ім тлумачэннем па-руску альбо па-беларуску. Я шмат рыхталавася перад заняткамі. Шукала просты і даступны, але цікавы матэрыял, часта глядзела ў слоўнік. Трэба было добра падумаць, што канкрэтна гаварыць, лагічна пастроіць сваю мову і сказы ў ёй. Але вынік быў зусім неблагі. Спадзяюся, навучэнцам гэта было карысна, ды і я атрымала вялікі вопыт выкладання і камунікацыі, што вельмі станоўча паўплывала на мяне.
Акрамя выкладання нямецкай мовы, я паралельна займалася журналісцкай працай і працай у інтэрнеце: перакладала інфармацыю з сайта “Трэцяга сектара” на ангельскую і нямецкую мовы, шукала новыя партнёрскія сувязі для арганізацыі”.
Галоўным персанальным жаданнем Рэгіны было пабываць за мяжой і атрымаць новы вопыт у краіне, якая была б ёй цікавай. Беларусь – цэнтр Еўропы, а што можа быць больш прыцягальным і цікавейшым за “сэрца” – задае рытарычнае пытанне дзяўчына. Ва ўніверсітэце Рэгіна вывучала міжнароднае развіццё і гэта таксама паўплывала на выбар краіны.
Першае ўражанне ад Беларусі і беларусаў увогуле – нешта накшталт “культурнага шоку”. “Пражыўшы шмат часу ў Вене, я амаль нічога не ведала пра Беларусь, акрамя таго, што паказвалі па тэлебачанні і нейкіх стэрэатыпаў, якія чула. Апынуўшыся тут зразумела, што ўсё не так. Мяне вельмі ўразіла беларуская гасціннасць і добразычлівасць, людзі ветлівыя і радыя дапамагчы, а не халодныя, як я лічыла раней. Зараз я буду аспрэчваць усе стэрыатыпы пра вашу краіну, бо яна сапраўды вартая таго, как прыехаць і пабачыць побыт і жыццё на ўласныя вочы”.
Рэгіну засмучае толькі моўны бар’ер: зусім няшмат людзей у Беларусі могуць размаўляць па-ангельску ці па-нямецку. “Цікава таксама было назіраць за позіркамі навакольных, калі я, напрыклад, ехала ў аўтобусе ці тралейбусе і размаўляла па тэлефоне ці чытала ангельскую кнігу. Людзі глядзелі на мяне, як на нешта незвычайнае”, – узгадвае Рэгіна.
Пра моўны бар’ер дзяўчына можа казаць доўга. Прыгадвае, што ў горадзе няма англамоўных надпісаў, а ў большасці кавярняў бракуе меню на ангельскай. “Ды і ў краме было нязручна. Я вывучыла некалькі фраз-дапаможнікаў тыпу “можна пакет”, каб хоць неяк спрасціць камунікацыю з прадаўцамі і каб проста можна было зразумець, чаго я хачу”.
У цэлым, Рэгіне вельмі спадабаўся Гродна і Беларусь. “Жыць я б сюды не пераехала, бо побыт і стыль жыцця ў вас вельмі адрозніваецца ад нашага, але я б з задавальненнем вярнулася сюды. Калі будзе магчымасць – завітаю зноў”.
Што за тры месяцы даведаўся пра Беларусь аўстрыйскі валанцёр Міхаэль чытай тут. | ||
З дапамогай праграмы Еўрапейскай валанцёрскай службы (EVS) моладзь з Еўрасаюзу і суседніх краін мае магчымасць пажыць і папрацаваць у іншых краінах. Гэтак аўстрыйскія валанцёры працавалі ў грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці Сектар” тры месяцы.
Здымкі 3sektar.by і racyja.eu