ІРЛАНДСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ

| Без катэгорыі

Пра туфлі за пяць еўра, «rise and chicken» і самыя прыгожыя ў свеце дажджы…


У Лондане ёсць Весмінтэрскае абацтва, Дом Парламенту, Біг Бэн. Жыхарам сталіцы туманнага Альбіёна належыць быць кансерватыўнымі, безэмацыйнымі і нават у спякоту мець пры сабе парасон… У Парыжы ёсць Эйфелева Вежа, Луўр і неверагодная колькасць праслаўленых імпрэсіяністамі кафэ, дзе кожную раніцу абавязкова рамантычныя французы мачаюць круасаны ў салодкую каву. У абавязкі «сапраўднага немца» ўваходзіць раззлавацца, калі спозніцеся «на якую паўгадзіну»… Што ёсць у Дубліне і якімі павінны быць ірландцы я не ведала. Дзесьці чытала, што сярод іх сустракаюцца эльфы, але верагоднасць тое крыніцы пад сур’ёзным сумненнем. Я трымала белы з каляровай палоскай білет у горад пра які не ведала НІЧОГА. «Да блін… – думала я, – Dublin…»

Пра ірландцаў

Ірландцы, што нас сустракалі, усміхаючыся гаварылі шмат і хутка, спыняліся, смяяліся і пачыналі з пачатку – ужо павольней. Былі яны нязвычна для беларусаў ветлівымі і гатовымі прыйсці на дапамогу па першым патрабаванні і нават без яго. Гэта пасля стала зразумела: там «усе такія». Дапамагчы незнаёмаму чалавеку натуральна як есці бульбу разам з лупінай.

Пра ежу

Як нам патлумачылі пазней, гэта вельмі карысна для сэрца. Мець базавыя ўяўленні аб карыснаці там, напэўна, лічыцца правілам добрага тону. Так ці інакш, за дзесяць дзён нам ні разу не падалі нічога выключна шкоднага, несмачнага і тым больш неарыгінальнага. У Дубліне мне давялося паспрабаваць таматны суп, лазанью, гарачы пірог з… ледзянымі яблыкамі і вяршкамі, шакаладнае пячэнне з чырвоным перцам. Дзень там пачынаецца амаль класічным «English Breakfast» – яйкі з беконам і падсмажанымі памідорамі, злакавыя з малаком, тосты з мармеладам, кава ці гарачы шакалад, натуральны сок, нават зімой на стале заўсёды свежая гародніна і садавіна. «Rise and Chicken» у Дубліне – амаль тое ж, што «Fish and Chips». У вялікай пашане вегетарыянцы: побач з курыцай заўсёды ёсць рыба ці крэветкі, побач з хот-догамі – сандвічы з лістамі салата.

Пра кошты

Адна паездка ў двухпавярховым дублінскім аўтобусе абыдзецца ў еўра, ірландскія сувеніры каштуюць ад двух, столькі ж выкладзеце за каву, за італьянскую піццу – еўра 10-15, пяць за CD з ірландскай музыкай і пяцьдзесят за квіток на рускі балет. Апрануцца ў Дубліне можна амаль за любыя грошы – нават калі гэта некалькі еўра. У буціках туфлі каштуюць не менш за 65 еўра, а ў суседняй краме вельмі падобныя аддаюць за пяць. Пытанне ў тым, у сколькі вы сябе ацэньваеце.

Пра надвор’е

Пасля зімняга Мінску Дублін падаўся мне як мінімум вясновым. Паліто было заменена лёгкім плашчыкам. Дажджы там бываюць даволі часта, але гэта самыя прыгожыя дажджы, якія мне прыходзілася бачыць: святло вітрын адлюстроўваецца ў мокрых гранітных плітах, перафарбоўвае ў залытыя колеры кляновыя зорачкі пад нагамі; весь Дублін нібы выпраменьвае святло і ты адчуваеш у сабе яго «essential part». Адляталі мы таксама ў дождж, было ўжо даволі цёмна і вельмі сумна – усе ўмовы каб распусціць на развітанне соплі. «Lots of thanks, – прамовіла я так ціха-ціха і па-ангельску. Ці то звыклася ўжо, ці то каб Дублін зразумеў. – Hope to see you again… »

Алінка НОВІК