Лідара гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова знялі з выбараў

У Гарадзенскай гарадской тэрытарыяльнай камісіі 11 сакавіка абвясцілі кандыдату ў дэпутаты, лідару гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіму Саранчукову, што ён не можа далей удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата, бо дадатковая праверка камісіяй ягонай дэкларацыі выявіла парушэнні.

 

align=”left” alt=”саранчукоў” >Саранчукоў: “Нібыта камісія знайшла доказы таго, што кватэра, якая належыць маёй жонцы на правах уласнасці, павінна была быць запісана ў маёй дэкларацыі. На дзвюх папярэдніх выбарчых кампаніях, дзе я таксама прадстаўляў дэкларацыю, такога патрабавання не было, а цяпер высвятляецца, што трэці кандыдат на акрузе лішні і яго можна зняць”.

 

Паводле Саранчукова, ён ужо распачаў кампанію, надрукаваў улёткі, праграму, яго прозвішча было занесена ў выбарчыя бюлетэні. Рашэнне камісіі ён лічыць незаконным і будзе яго абскарджваць.

 

Па Цэнтральнай выбарчай акрузе № 7 у Гарадзенскі гарадскі савет былі зарэгістраваныя тры кандыдаты. Цяпер на акрузе засталіся актывістка АГП Наталля Слуцкая і былы кіраўнік абласнога УУС генерал Уладзімір Сычэўскі, якога нядаўна Лукашэнка звольніў з прычыны пенсійнага ўзросту.

 

У Слоніме зарэгістраваныя пяць апазіцыйных кандыдатаў у раённы савет ад БНФ і БХД. Усе яны ўжо правялі пікеты, адкрылі рахункі і паклалі на іх уласныя грошы, надрукавалі і раздалі ўлёткі са сваімі праграмамі. У той самы час астатнія кандыдаты нават не адкрывалі ніякіх рахункаў і не правялі дагэтуль ніводнага пікета.

 

Вось што распавёў Свабодзе кандыдат у дэпутаты ад БНФ Іван Шэга.

 

“Яны лічаць, што дастаткова таго, што іх зарэгістравалі. Ім не трэба агітаваць людзей, бо бальшыня з іх ідзе па безальтэрнатыўных акругах, а там, дзе альтэрнатыва існуе, сістэма адпрацаваная так, што перамога гарантаваная. Таму яны надта і не напружваюцца”.

 

11 сакавіка Гарадзенскі абласны суд разглядаў скаргі траіх сябраў АГП на рашэнне Ленінскага суду Гродна, паводле якога іх аштрафавалі на 15 базавых велічынь за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Збіраючы подпісы за сваіх прэтэндэнтаў у кандыдаты, яны прапаноўвалі падпісаць і патрабаванне да ўладаў адмяніць новы падатак на аўто.

 

Усім сябрам АГП адмовілі ў задавальненні скаргі. Кажа Аляксандра Васілевіч, кіраўнік гарадзенскай арганізацыі АГП:

 

“Суд не ўзяў пад увагу нашы спасылкі на міжнародныя нормы і законы, не прыняў да ўвагі тое, што міліцыянты самі парушылі беларускае заканадаўства. Затое суддзя радасна нам паведаміла, што мы маем права на тое, каб абскардзіць яе рашэнне”.

 

Астравецкі актывіст Іван Крук таксама скардзіўся ў абласным судзе на рашэнне выбарчай камісіі, якая адмовіла яму ў рэгістрацыі на падставе нібыта таго, што пяць подпісаў, пастаўленых за яго вылучэнне, зробленыя не самімі выбарцамі.

 

Да суда яму адмаўлялі ў азнаямленні з актамі праверкі, а ў судзе ён з імі азнаёміўся і хадайнічаў аб правядзенні экспертызы, каб устанавіць дакладнасць подпісаў, але суд яму ў гэтым адмовіў і цалкам заняў бок прадстаўнікоў выбарчай камісіі. Вось што сказаў Іван Крук Свабодзе пасля суду:

 

“Яны прынялі ўсе меры, каб я не быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Чаму? Таму што людзі мяне ў раёне добра ведаюць. Я заявіў у судзе, што яны здзейснілі палітычнае злачынства. І я надалей буду даказваць, што Астравецкая выбарчая камісія здзейсніла злачынства. Цяпер пішу скаргу на рашэнне суду, пішу ў праваахоўныя органы, каб узбудзілі крымінальную справу, і маю намер дайсці да міжнароднага суду”.