Адкрыццё “Мова нанова” ў Гродне: голас Барадуліна, Беларусь у абдымках зорак і народныя прымаўкі

Такой колькасці не чакалі ні арганізатары курсаў у Гродне – “Цэнтр “Трэці сектар””, ні вядучыя. Прыйшлі людзі розных узростаў і розных сфер дзейнасці, неабыякавыя да беларускай мовы.

Глеб Лабадзенка пачынае занятак з жартаў. “Па перапісу ў Беларусі амаль 80% насельніціва лічаць беларускую мову роднай. Але дзе ж гэтыя 80%, дзе яны хаваюцца? – кажа ён і тут жа дадае: “Беларусы сваю мову вельмі шануюць, берагуць, таму на ёй не размаўляюць”.

 

Глеб упэўнены, што веданне мовы трэба аднаўляць. Гэтыя курсы, якія праходзяць па ўласнай ініцыятыве арганізатар ды цалкам бескаштоўна, магчыма, паспрыюць гэтаму аднаўленню. Глеб расказаў, як “Мова нанова” ў Мінску на валанцёрскіх пачатках атрымала месца для правядзення, сайт і іншае. “Памяшканне нам дала Галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, сайт зрабіў адзін беларускамоўны студэнт, адзін наш вучань прынёс паперу, другі чайнік. Усё арганізавалі самастойна, без дадатковай дапамогі”.

Напачатку занятка вядучыя ўзгадалі нядаўна памерлага Рыгора Барадулі, уключыўшы аўдыёзапісы верша і песні ў яго выкананні, ды паказаўшы адну з ягоных кніг. Сустрэча ідзе весела і разняволена, акадэмізму зусім няма, і ў адзін момант вядучыя прапануюць прысутным праглядзець вельмі прыгожага  відэаролік “Беларусь у абдымках зорак” астранома Віктара Малышчыца. Арганізатары курсаў хочуць не толькі навучыць сваіх вучняў правілам беларускай мовы, але і пазнаёміць іх з беларускімі традыцыямі, знакамітымі дзеячамі.

Першая частка занятку была прысвечана разнастайнасці беларускіх імён. “Можа, хтосці прыйшоў сюды Іванам, а выдзе Янам, ці Александр – Алесем”, – жартаваў Глеб Лабадзенка. Алеся Літвіноўская расказала пра гісторыю нараджэння некаторых беларускіх імёнаў. Потым была граматычная частка. У канцы занятку кіраўнікі далі магчымасць прысутным у зале працягнуць  некаторыя прымаўкі, што выклікала ў зале весялосць і смех. Усе ў канцы выходзілі з залы з прыўзнятым, жартаблівым настроем.

 

“Мова нанова” ў Гродне будзе праходзіць кожны панядзелак у 19.00, пачынаючы з 24 сакавіка. Вядучымі курса будуць Воля Астроўская і Ігар Кузьмініч.


Яшчэ фота, а таксама відэа з першага занятку можна знайсці тут.