Праз шыбеніцу да неўміручасці

Царскія следчыя доўга не маглі выйсці на след Каліноўскага, які і ва ўмовах імперскага тэрору не спыняў сваёй барацьбы. Але і тут не абышлося без Іуды… Ім стаў арыштаваны ў Мінску удзельнік паўстання Парфіяновіч. Менавіта ён паведаміў, што Каліноўскі хаваецца ў Святаянскіх мурах пад імём Вітальда Вітажэнца. Мінскія жандары хутка паведамілі пра гэта сваім калегам у Вільні. Квартал быў ачэплены жаўнерамі, кіраўнік паўстання ў Літве ды Беларусі – арыштаваны.

Каліноўскі – шыльда на Дамініканскіх мурах

 

Яго зняволілі ў будынку былога Дамініканскага кляштара, пераробленага пад вязніцу (такое выкарыстанне касцельнай нерухомасці пад Расеяй стала традыцыйным). Падчас следства і на судзе Кастусь адмовіўся выдаваць сваіх паплечнікаў і сакрэты паўстання: “Калі грамадская шчырасць ёсць дабрачыннасцю, то шпіёнства апаганьвае чалавека. Усведамленне гонару, уласнае годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху”.

Каліноўскі – тагачаснае фота

 

Ёсць легенда, нібыта сам віленскі генерал-губернатар Мураўёў прыходзіў пераконваць Каліноўскага. Абяцаў за супрацоўніцтва амністыю і вялікую пасаду, але – марна.

 

Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні…” – чытаем у “Лістах з-пад шыбеніцы”, перададзеных Каліноўскім на волю напярэдадні смерці. Тут бачныя як рамантычныя аля-шаўчэнкаўскія матывы: “…Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду…” Тут жа – канкрэтны палітычны запавет будучаму пакаленню змагароў з чужынцамі: “…Дапокуль яна [няволя маскоўская рэд.] ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе”.

Страта Каліноўскага, малюнак

 

Вікенці Канстанцін Каліноўскі быў асуджаны вайскова-палявым судом да расстрэлу, бо паходзіў са шляхты. Аднак, па асабістым загадзе Мураўёва, расстрэл замянілі на шыбеніцу, “брудную смерць”, якой каралі сялян, у выглядзе знявагі. Мураўёву нават прыпісваюць такую цытату: “Заступаўся за брудных сабак, дык і смерць яму сабачая”. Каліноўскі быў публічна павешаны ў Вільні 10 (22) сакавіка 1864 года на гандлёвай плошчы Лукішкі. Развітацца з Кастусём прыйшлі тысячы чалавек. Паводле ўспамінаў аднаго з відавочцаў, падчас зачытвання выраку калі прагучала “дваранін Каліноўскі”, Кастусь запярэчыў: “У нас няма дваран. Усе роўныя!”.

 

Расейскія ўлады баяліся паўтарыць памылку 1839 г., калі пасля экзэкуцыі цела расстралянага імі паўстанца Сымона Канарскага было аддадзенае віленчукам. Магіла Канарскага адразу стала месцам паломніцтва і ажно танула ў жывых кветках ды свечках. Элементы ягоных кайданоў патрыёты пачалі выкарыстоўваць як амулеты-упрыгожванні, робячы з іх бранзалеты ды пярсцёнкі. Так з’явілася мода на “чорную біжутэрыю”, якая набыла новую папулярнасць пасля падзеяў 1863-64 гг.

 

Пакараных смерцю паўстанцаў, у тым ліку Каліноўскага, Серакоўскага ды іншых, вырашана было хаваць патаемна. Пасля страты на шыбеніцы іх целы звозілі на Замкавую гару (гару Гедыміна), дзе стаяў расейскі гарнізон. Тут, пад старадаўнімі мурамі цвярдыні Вялікага Княства, іх і закопвалі ў братняй магіле. Тэрыторыя ўвесь час знаходзілася пад вартай, таму ніводзін цывільны віленчук напрацягу паўстагоддзя не меў права туды зайсці. Больш за тое, расейцы зрабілі на магіле паўстанцаў пляцоўку для гульні ў крыкет… Свядома ці несвядома гэта было зроблена, мы наўрадці даведаемся, але ў любым выпадку – сімвалічна.

Помнік на магіле паўстанцаў на Замкавай гары, які Ян Булгак сфатаграфаваў у 1930 годзе

 

Калі ў 1915 расейцы пад націскам немцаў пакінулі Вільню, тутэйшая грамадскасць пачала пошук магілы. Падчас раскопак былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі, фрагмэнты паўстанцкіх чамарак (куртак на мяху), спражкі, абутак. Вядомы тагачасны віленскі архітэктар Антон Вівульскі зрабіў велізарны драўляны крыж у народным стылі. Аднак нямецкая акупацыйная улада, якая прыйшла на змену расейскай, да памяці паўстанцаў таксама не мела аніякага сантыменту. На загад камэнданта Вільні графа Інстэнбурга фон Бэрнштэйна немцы зламалі ды закапалі крыж.

Баляслаў Калышка – паплечнік Каліноўскага таксама пахаваны на Замкавай гары

 

У 1921 Вільня адыйшла да Польшчы, мэмарыял быў адноўлены. Гэтым разам ён складаўся з крыжа ды прыгожай мармуровай шыльды, на якой былі высечаныя імёны паўстанцаў, якія знайшлі тут свой вечны спачын: Кастусь Каліноўскагі, Зігмунд Серакоўскагі, Браніслаў Калышка, ксёндз Станіслаў Ішора… Усяго каля пятнаццаці прозвішчаў. Але пасля таго, як Вільня апынулася спачатку ў незалежнай Літве, а ў хуткім часе – у Літве савецкай, крыж быў спалены, а шыльда знікла без следу.

На Лукішскім пляцы ў сённяшняй Вільні стаіць драўляны крыж з выявай засмучанага Хрыста, ёсць шыльда і на мурах Дамініканскага кляштара. Магіла ж на Замкавай гары дагэтуль аніяк не пазначаная – сімвалічным “крыжом” для яе служаць пакуль толькі бел-чырвона-белыя сцягі, якія штогод 22 сакавіка прыносяць туды нашчадкі Кастуся.