Агу, вясна, агу, красна! Як у Гродне гукалі вясну

|

І хаця на вуліцы ўжо цёпла, сыноптыкі яшчэ абяцаюць халоднае надвор’е  і нават снег! Таму гукаць вясну – самы час.

Гэты беларускі звычай – адзін з самых жыццярадасных і аптымістычных.  Зіма, доўгая і халодная, нарэшце саступае сваё месца прыгажуні-вясне. Нашыя продкі верылі, што надыход цяпла абавязкова трэба паскорыць, таму і гукалі яе. А яшчэ верылі, што вясну на сваіх крылах прыносяць птушкі, таму  гарадзенскае гуканне пачалося з майстар-класа, дзе ўсе жадаючыя змаглі зрабіць адмысловых птушак, якіх потым  развесілі ў двары. Тут жа на вуліцы вадзілі карагоды, спявалі песні ды бавіліся ў адмысловыя гульні.

Традыцыя гукання вясны мае глыбокія карані: клікаць вясну пачалі яшчэ нашыя продкі-язычнікі. Ужо потым на гэтае старадаўняе свята наклаліся царкоўныя традыцыі. У гэтыя ж дні адзначаецца Дабравешчанне. У фальклоры беларусаў нават ёсць такая прымаўка: “На Мацея дарога пацее, на Саракі дрэвы адпускаюцца, на Аляксея рыба хвастом лёд ламае, а на Дабравешчанне бусел прылятае”.

Месца, дзе гукалі вясну, па традыцыі ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі, птушкамі з паперы ды тканіны. Вось і пляцоўка ля антыкафэ “Жывы час” ператаварылася ў такое  месца. Удзельнікі пасля майстар-класу разам развесілі сваіх птушак ды рознакалярвоыя стужкі.  Іх нашыя продкі вешалі заўсёды як мага вышэй, бо лічылася, што так адляцеўшыя на поўдзень птушкі хутчэй іх заўважаць.

Упрыгожвалі дрэвы ў садзе, хаты ды гаспадарчыя пабудовы. Лічылася , што калі птушкі выберуць чыйсьці дом , то там будзе шчасце і дастатак. Акрамя таго, верылі, што  яркія стужкі дапамагаюць дрэвам хутчэй прачнуцца ад зімовага сну.

За некалькі хвілін дворык ля антыкафэ стаў па-святочнам яркім і па-вясновыму цёплым. Дзеткі, якія разам з бацькамі праходзілі побач, гучна радаваліся: “Мама, глядзі – тут нейкае свята”. Сапраўды, невялікія каляровыя стужкі стваралі святочны настрой, і верылася, што вясна прыйшла назаўжды.