Перамога “кантрольным стрэлам”
Пры падтрымцы некалькіх сотняў гарадзенскіх заўзятараў, якія прыехалі падтрымаць землякоў, нашая каманда атрымала 3 красавіка перамогу з лікам 4-2.
Апошнюю шайбу Баярчук закідваў ужо ў пустую браму супернікаў, якія замест брамніка выпусцілі шостага палявога гульца ў надзеі параўняць лік у сустрэчы.
За перамогай гарадзенцаў з шалікам “Нёмана” на плячох з трыбун “Чыжоўка-Арэны” назіраў былы старшыня гарадзенскага (а зараз старшыня мінскага) аблвыканкаму Сямён Шапіра. Менавіта пры ім у мінулым сезоне нашая каманда пасля працяглага перапынку зноў стала чэмпіёнам Беларусі.
Такім чынам, лік у фінальнай серыі стаў 2-1 на карысць “Нёмана” (у першых двух сустрэчах серыі ў Гродне каманды абмяняліся перамогамі).
Наступная сустрэча адбудзецца зноў у Мінску ўжо заўтра, а затым хакеісты зноў пераедуць у Гродна.
Фінальная серыя будзе доўжыцца да чатырох перамог адной з каманд.
3 красавіка. “Юнацтва” – “Нёман” 2:4 (Каваленя, 7 хв., Сёмачкін, 21 хв.; Лісавец, 20 хв., Баярчук 28 і 60 хв., Маляўка, 31 хв.)
На здымку: “Нёман” вярнуў сабе перавагу ў серыі супраць хакестаў “Юнацтва”
Фота hcneman.by