Skvo’s Dance Company: “Наш танец не трэба разумець, яго трэба адчуваць” (фота + відэа)
8 красавіка праходзіў вечар сучаснай харэаграфіі, на якім мінчукі паказвалі танцавальны перформанс “Happy Valentine”, а гарадзенцы – праект пра каханне і свабоду “Макі растуць у галаве”.
Нагадаем, што зусім нядаўна, 25 сакавіка, пластычны спектакль “ЁнЯнаЖыццё”, паказваў на гэтай жа сцэне тэатр Paperwall з Кіева. Такі накірунак у гарадзенцаў запатрабаваны – 8 красавіка зала была поўная людзей, у асноўным моладзі.
Вечар пачаўся з выступлення гарадзенскага калектыва “Nachalo”. Яны прадставілі танец у стыле кантэмпарары пад назвай “Макі растуць у галаве” (харэаграфія Насты Рэбкала). Прыгожая пластыка дзяўчын у чырвоных сукенках адразу скалыхнула залу. Дуэт хлопца і дзяўчыны прадставіў прыгожы танец кахання.
Цікавым і незвычайным было прадстаўленне мінчукоў. У яго аснове было пакладзена апавяданне “строгай настаўніцы” пра каханне складанымі навуковымі тэрмінамі, якія падтрымліваліся танцамі. “Каханне – гэта расстройства псіхікі, яго немагчыма зразумець пакуль не закахаешся”, – распавядае “настаўніца”. Яе апавяданне падсумоўваецца прыгожымі рухамі дзяўчын, складанымі пазіроўкамі, тэатральнай гульнёй.
Мінскі калектыў “Skvo’s Dance Company” існуе два гады. Яны танцуюць у яшчэ новым для Беларусі напрамку – кантэмпарары. Склад калектыву вельмі разнастайны, у яго ўваходзяць толькі два харэографы, а ўсе астанія – людзі розных прафесій: медыкі, гідролагі, настаўнікі, акторы і г. д.
З чаго пачалася дзейнасць калектыва “Skvo’s Dance Company” расказала яго харэограф Вольга Скварцова:
“Чатыры гаду таму, калі я працавала ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі мы з Настай (адной з удзельніц) прыдумалі перформанс “Happy Valentine”. Гэта была проста пастаноўка з нейкімі пластычнымі ўключэннямі. Калі я стала даваць урокі танцаў, да мяне прыходзілі займацца дзяўчыны. Яны хадзілі вельмі спраўна. Акурат у той момант я яшчэ пачала схіляцца да вулічных танцаў. Мы падумалі, ці не зрабіць нам гэтую танцавальную пастаноўку”.
Самі танцоры кажуць, што ў сваім танцы яны не паказваюць нейкага асаблівага персанажа з адмысловым лёсам.
“Мы мыслім больш рытмічна і кампазіцыйна. Наш танец не трэба разумець, яго трэба адчуваць. Наша перавага ў тым, што мы рухаемся сваімі целамі, а не завучаным пазіцыямі”, – кажуць удзельнікі.
Але ці падрыхтавана публіка да ўспрымання танцаў гэтага новага напрамку?
“Кожны ўспрымае наш танец па-свойму, і гэта вельмі добра. Але на постсавецкай прасторы паняцце танца ў стылі кантэмпарары яшчэ вельмі новае. Тым часам у Еўропе ён існуе ўжо вельмі даўно. У Беларусі людзі яшчэ не зусім падрыхтаваныя для ўспрымання гэтых танцаў.
Кантэмпарары засноўваецца не на нейкіх танцавальных штампах, а на узаемасувязі руху і цела. Таму актуальна было б праводзіць нейкія семінары, лікбезы, каб рыхтаваць гледача”, – гаворыць Вольга Скварцова.
Каманда “Skvo’s Dance Company” давала свой спектакль і ў другіх гарадах Беларусі.
“Вельмі цікава палядзець, як успрымае нас публіка ў рознах гарадах. У Гродне гледачы былі вельмі адкрытыя, цёплыя, яны смяяліся, пляскалі. На самой справе мы зусім не чакалі такой колькасці людзей. У Віцебску гледачы былі вельмі сур’ёзныя, задуменныя. У Гомелі публіка была найбольш падрыхтаваная для ўспрымання іншых тэатраў. Там існуе месца, куды заўсёды прыезжаюць калектывы такога кшталту”, – расказваюць удзельнікі калектыву.
Фота Юліі Сарокі
Відэа Андрэя Ломава