“Свіны” грып ці “падкладзеная свіння”?
Менавіта вірус А (H1N1), больш вядомы як “свіны грып”, стаўся прычынай смерці месяцовай гарадзенкі Дашы, якая загінула яшчэ летась. Да гэткай высновы прышла судова-медычная экспертыза, якая раследавала трагедыю. Раней жа афіцыйнай прычынай смерці дзяўчынкі называўся сальманелез у септычнай форме (заражэнне крыві).
Вынікі расследавання пацвердзілі ў Аддзеле складаных экспертызаў Упраўлення судова-медычных экспертызаў у Менску.
Навіна пра беларускі “свіны грып”, якая ўжо абляцела ўвесь байнэт, была апублікаваная ўчора на старонках газеты “Вечерний Гродно”. Аднак публікацыя ў “ВГ” не дае адказаў на пытанні, узніклыя яшчэ летась у сувязі з эпідэміяй сальманелезу. Наадварот, “белых плямаў” робіцца ўсё больш.
Трагедыя здарылася летась у верасні, калі пра “свіны” грып яшчэ ніхто нават не згадваў. Сваякі і знаёмыя сям’і Дашы не наведвалі іншыя краіны, у тым ліку і тыя, дзе пазней быў зарэгістраваны вірус А (H1N1).
Публікацыя пра леташнюю эпідэмію сальманелезу ў абласным раддоме з’явілася ў “ВГ” толькі праз 4 месяцы пасля здарэння, калі бацькі захварэлых дзяцей арганізаваліся і паспрабавалі дамагчыся праўды ў судзе. Пацярпелыя абвінавачвалі медыкаў у наўмысным замоўчванні інфармацыі пра эпідэмію і свядома скажоных дыягназах, у выніку чаго немаўляты былі ледзь не памерлі. Маленькай Дашы тады не пашанцавала: яна загінула ў рэанімацыі абласной дзіцячай больніцы праз два тыдні змагання за жыццё. І бацькі, і журналісты сутыкнуліся з мурам маўчання як сярод персаналу раддома, гэтак і сярод чыноўнікаў.
Леташні скандал вельмі адмоўна адбіўся на рэпутацыі абласнога раддома, які напярэдадні атрымаў значнае фінансаванне на пераабсталяванне і лічыўся найбольш прасунутым у рэгіёне. Замоўчванне ж падрабязнасцяў эпідэміі сальманелезу і сапраўдных прычын смерці немаўляці аўтаматычна здымае ўсялякую адказнасць лекараў: маўляў, дзеці захварэлі па-за раддомам, а таму аніякае адказнасці за іх мы не нясем.
Ад каментавання новага дыягназу для памерлай Дашы адмаўляюцца афіцыйныя эксперты, якія гэты дыягназ і паставілі. Затое выказалася галоўны эпідэміёлаг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, якая ў інтэрв’ю “БЕЛТА” абвергла інфармацыю “ВГ”:
“Гэта не той вірус, які толькі што выяўлены. У ім розныя генетычныя структуры віруса, субстанцыі. Гэта, вядома ж, не свіны грып, а звычайны сезонны, які ў той час быў. У нас штогод ёсць гэты вірус, аднак таго віруса, які лічыцца “свіным” (мексіканскі, каліфарнійскі), – у Беларусі яго не было ніколі і зараз няма. Міністэрства аховы здароўе будзе даваць афіцыйнае абвяржэнне”.
Галоўны дзяржаўны судова-медычны эксперт Беларусі Юры Гусакоў таксама адмаўляе ў праўдзівасці газеце. Ён удакладняе, што ў судова-медычным заключэнні аб прычынах смерці дзяўчынкі з Гародні “вірус гэтак званага “свінога грыпу” H1N1 не фігуруе”. І дадае:
“Праведзеныя экспертызы паказалі, што немаўля памерла ад ускладненняў выкліканых вірусам грыпу групы А”.
Дык ці сапраўды інфармацыя пра новую прычыну смерці Дашы з’яўляецца першым сведчаннем захворвання на “свіны” грып у Беларусі? Ці гэта чарговая спроба пазбегнуць адказнасці неахайных дактароў, а таксама аднавіць рэпутацыю абласнога раддома?
Адказаў няма. Пакуль што.