У Гродне адкрылася выстава прысвечаная паломніцтву Яна Паўла ІІ

Здымкі распавядаюць не толькі пра Папу-паляка, але паказваюць і беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пілігрымцы Папы па роднай краіне 23 гады таму.

У гэтай пілігрымцы яшчэ ў якасці семінарыста браў удзел сённяшні дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які падзяліўся сваімі ўспамінамі:


– Знайшлі аўтобус і кіроўцу, заехалі са сваім рэктарам Станіславам Кучынскім, напісалі такі транспарант, што “Grodno czeka Papieża”. Бачу сёння ёсць яны на фотаздымках, радуецца чалавек, бо я там быў, я гэта ўсё назіраў, адчуваў. Цяпер памяццю туды, у Беласток 1991 года, і слухаю словы Святога Айца Яна Паўла ІІ, калі ён казаў: “Адкрывайце дзверы, не бойцеся, Хрыстос прыходзіць, каб прынесці вам супакой і радасць”.

Аўтарамі здымкаў з’яўляюцца польскія фатографы Пётр Савіцкі і Анджэй Сакульскі. Выстава падрыхтавана Генеральным консульствам Рэспублікі Польшчы ў Гродне і адміністрацыяй горада Беластока.