Настаўнікі застаюцца сярод апошніх па заробках (інфаграфіка)
Паводле беларускай статыстыкі, рэальныя заробкі беларусаў з улікам роста спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі ў студзені-сакавіку 2014 г. у параўнанні з адпаведным перыядам 2013 г. павялічылася на 4,9%.
Праўда, курс даляра за гэты перыяд вырас яшчэ больш (з 8670 руб. па стане на 31 сакавіка 2013 г. да 9870 руб. па стане на 31 сакавіка 2014 г.).
Ды і кошты, як вынікае са звестак таго ж Белстату, раслі ў краіне значна хутчэй за заробкі нават у параўнанні з суседзямі па СНД (звярніце асаблівую ўвагу на ахопленую катастрафічнымі падзеямі Украіну).
Як і ў папярэднія гады, сярод прафесій, якія аплочваюцца ў Беларусі найгорш, застаюцца работнікі адукацыі і медыцыны.
Так, у адукацыі сярэдні заробак па краіне ў сакавіку склаў 3 849,9 тыс. руб. (у лідэрах тут з сярэднім заробкам у 6 612,2 тыс. руб. былі прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу).
Гэта істотна менш, чым зарабляюць настаўнікі ў Еўропе (параўнайце са звесткамі з нашай інтэрактыўнай мапы, на якой прадстаўлены памер гадавога заробку настаўнікаў у еўра).
У лідэрах тут Люксембург, дзе настаўнік зарабляе ў сярэднім у год 95 тыс. еўра.
У медыцыне і сацыяльнай сферы сярэдні заробак склаў 4 083,7 тыс. руб. Пры гэтым сярэдні медыцынскі персанал зарабіў у сакавіку ў сярэднім па 4 507 тыс. руб.
Калі сітуацыя не палепшыцца, то ў хуткім часе беларускія медсёстры і санітаркі ў масавым парадку пачнуць перабірацца на працу ў суседнія краіны (толькі ў Польшчы праз 10 год будуць вакантнымі больш як 150 тыс. месц санітарак).