“Шынель” для Гродна ад польскага рэжысёра
На падставе вядомай “пецярбургскай” аповесці Мікалая Гогаля п’есу напісаў польскі паэт Юліян Тувім. На расейскую яе пераклаў Генадзь Мушперт, галоўны рэжысёр гарадзенскага тэатра, а сцэну аформіў галоўны мастак Алесь Сураў.
Хто з якога шыняля выйшаў?
Сваім гледачам стваральнікі спектакля настойліва нагадваюць расейскую крылатую фразу: “Усе мы выйшлі з гогалеўскага “Шыняля”. Але сам факт пастаноўкі сёння, бадай, набывае новую, надзённую сімволіку. Як вядома, кіраўнікі Расіі Пуцін і Мядзведзеў паходзяць менавіта з Санкт-Пецярбургу, і гогалеўскі “Шынель” мае тычыцца іх наўпрост. Не кажучы пра тое, што для першага з іх пэўнае значэнне могуць мець таксама і шынель Дзяржынскага, і шынель Сталіна. Калі працягнуць паралелі паміж тэатрам і жыццём, то можна заўважыць, што ў пакрыўджанага на ўвесь свет маленькага чалавека, у якога адна мара і радасць — уласны шынель, гэтая крыўда можа абярнуцца ваяўнічасцю, агрэсіўнасцю. І вось ужо людзі з гогалеўскага шыняля імкнуцца зрабіць балюча нашчадкам, землякам самога Гогаля.
Рэпліка наконт такіх паралеляў з сённяшнім днём прагучала на сустрэчы са стваральнікамі спектакля. Генадзь Мушперт адказаў на яе: “Некалькі разоў я прапаноўваў: ну няхай Акакій скажа рэзка, хай ён больш наступальны будзе! На гэта Пётр адказваў: не-не-не, гэта іншая гісторыя. Наадварот, гэта гісторыя пра дзіўнага чалавека, які, будучы на самай нізкай прыступцы “табеля аб рангах”, пра што ідзе гаворка ў спектаклі, аказаўся, як ні дзіўна, чалавекам. І ніякай агрэсіўнасці ў ім гэта не абудзіла. Ужо герой”.
Выканаўца галоўнай ролі Акакія Акакіевіча Башмачкіна, заслужаны артыст Беларусі Сяргей Курыленка (на фота злева) кажа:
“Самай вялікай радасцю ў жыцці стаў шынель, хоць нейкі сэнс з’явіўся. І аказалася, што ён і сэрцам малады, і кахаць яшчэ гатовы, але патрэбна была нагода. Аказалася, повад нязначны можа быць у чалавека. У чалавека можа радасць у жыцці быць нязначнай, але яна можа перавярнуць усю яго істоту. Чалавек раптам пачуе, што ён чалавек, што ён не нікчэмнасць, што ён сябе нейк захаваў, што нейкія чалавечыя якасці ў ім дагэтуль яшчэ жывыя, але так глыбока драмалі, што ён нават гэтага не ўяўляў. Ну, і гэта для мяне важна”.
Што ж, гучыць сапраўды для сённяшняга дня зусім не архаічна.
Генадзь Мушперт мяркуе, што гарадзенцы — таксама “маленькія людзі”. Ён сцвярджае, адказваючы на пытанне, чаму выбралі для пастаноўкі менавіта “Шынель”:
“Таму што нас гэта хвалюе, мы лічым, што (хай гэта не прагучыць як крыўда) нашу глядзельную залу запаўняюць простыя людзі, як казалі пра герояў Гогаля — “маленькія людзі”. Я лічу — гэта самае галоўнае: расказаць пра іх, паказаць ім гэтую гісторыю, хоць і трагічную, і драматычную, але ўсё-ткі нас цікавіць рэабілітацыя Акакія Башмачкіна. Лічыцца, што ён маленькі, нікчэмны і ўвогуле амаль не чалавек. Насамрэч мы лічым, што ён папросту асаблівы, а асаблівасць — гэта менавіта тое, што хацелася б гледачам паказаць”.
Спадар Мушперт выказвае спадзяванне, што гледачам будзе смешна, хоць гогалеўская гісторыя — усё ж драма.
Пётр Дамброўскі: расейскую мову змушалі вучыць
Пётар Дамброўскі не валодае асабліва расейскай, але “Шынель” — рэч з ягонага рэпертуару, ён ставіў яго па-польску. Хоць расейскую, зразумела, вывучаў, але “гэта было “сто гадоў таму” і ў такіх умовах, што “мы не хацелі яе вучыць, нас прымушалі. Аднак цяпер я шкадую, што не вучыў яе так, як павінен быў. Ну, але быў чалавекам маладым і глупым”.
Па-расейску “Шынель” не чытаў, бо “не даў бы рады”, прызнаўся Пётр Дамброўскі.
Ён кіруе ў Беластоку прыватным тэатрам “Камедыяльня” — гэта тэатр “камерцыйны”, удакладняе рэжысёр. Працуе з варшаўскімі артыстамі, выключна з зоркамі, таму што ў Польшчы цяпер такі час, што іншыя спектаклі не прадаюцца: “павінны быць твары, вядомыя праз тэлебачанне”.
Але ён сам многіх ведае і можа выбіраць з лепшых.
Што да працы з гарадзенскай трупай, то Пётр Дамброўскі прызнаецца:
“Сапраўднаму актору неабходная пакора, а гарадзенцы — працавітыя і дысцыплінаваныя. Маюць запал да працы — і гэта самае істотнае”.
Польскі рэжысёр жыў у тэатры, дзе ёсць гасцявы пакой. Пра новыя пастаноўкі ў Гродне гаворка пакуль не ідзе. Хоць гэта не галоўнае, але стварае праблемы мяжа, якая забірае час, дзеліцца ён сваімі ўражаннямі. Адлегласць паміж Гроднам і Беластокам можна праехаць за гадзіну, але з чэргамі на мяжы, з памежным кантролем гэта займае чатыры гадзіны і больш.