Расійскі урбаніст Свят Мурунаў: “У Гродне адчуваеш сябе чалавекам”

Анамаліі горада

 

Што такое анамаліі ў гарадской прасторы? Напрыклад, квартал дзе ўсе будынкі двухпавярховыя і раптам побач з імі дзесяціпавярховы гандлёвы цэнтр. Такім чынам разбураецца ансамбль гарадскога квартала. У Гродне вельмі шмат грамадскіх прастор, якія выкарыстоўваюцца як транзітныя зоны. Гэта значыць, у іх няма лавачак, людзі там не спыняюцца. Калі раней тут быў сквер, то цяпер праз яго проста праходзяць. Анамалія таму, што сквер павінен выконваць пэўную функцыю. Там чалавеку трэба мець магчымасць спыніцца, пагуляць. Месца павінна выкарыстоўвацца для рэлаксацыі. Інакш гэта ўжо не грамадская прастора, а проста дэкарацыя, упрыгожванне дарогі.

Анамаліі Гродна яшчэ ў тым, што вельмі шмат закінутых будынкаў у цэнтры горада. Незразумела, чаму яны забітыя дошкамі, завешаныя нейкімі будаўнічым лістамі. Гэта таксама анамалія. Калі ў цэнтры горада ёсць закінутая прастора, то гэта або праблема адміністрацыі – няма правіл землекарыстання, або гэта праблема горада ў цэлым – няма інвестараў, якія хацелі б нешта зрабіць у цэнтры горада. Магчыма, гэта і якія-небудзь іншыя праблемы, тут незразумела.

 

Гродна пра сябе маўчыць

 

Ёсць, вядома, невялікія заўвагі і праблемы, звязаныя з тым, што вельмі шмат вузкіх тратуараў, па якіх немагчыма разысціся або праехацца з каляскай. Шмат будынкаў з таблічкамі “з’яўляецца помнікам архітэктуры”, але ніякай інфармацыі пра тое, хто ў гэтым доме жыў, што гэта за будынак, якая гарадская легенда з ім звязана. Экскурсаводаў у вашым горадзе, здаецца, няшмат. Знайсці іх звычайнаму турысту складана, таму, калі б горад сам распавядаў сваю гісторыю, гэта быў бы вялікі плюс. Мне не хапала менавіта гэтай гісторыі горада, я адчуваў, што яна ёсць, нейкія схаваныя культурныя коды ў гарадскім асяроддзі, але няма чалавека, які б пра гэта распавёў.

 

Еўрапейская частка Беларусі і культурная сталіца

 

Гродна як культурная сталіца… Мае права быць, але гэта не відавочна. З пункту гледжання архітэктуры – так, Гродна цікавы горад. З пункту гледжання падзей – мы за некалькі дзён воркшопа не знайшлі цікавых афіш, не знайшлі вулічных мастакоў, хаця кажуць, што яны ёсць. Мы не знайшлі актыўнасці, якая праяўляе гэтую культуру ў гарадскім асяроддзі. Магчыма, яна недзе схаваная. У мяне не ўзнікла адчуванне, што ў горадзе нейкае насычанае культурнае жыццё. Або я павінен капаць, у кагосьці пытацца, куды тут увязацца, або яно вынесена на перыферыю горада.

 

Мінск і Гродна: розныя эмоцыі і мэты

 

Мінск, з пункту гледжання горада і чалавека, іншы па маштабе, ён пераважае над вамі. У архітэктуры Мінска вялікія шырокія праспекты, высокія будынкі, нейкая пампезнасць, манументальнасць у пабудовах, яна прымушае адчуць сябе невялікім чалавекам. Зразумела, што горад будаваўся пасля вайны, заказчыкам выступала дзяржава, якая не ўлічвае меркаванне людзей. Задача Мінска акурат прадэманстраваць моцную дзяржаву, не канкрэтнага чалавека, не зрабіць яго шчаслівым.

 

Для мяне ён быў вельмі некамфортным горадам. Я знаходзіў там жыццё, нейкія цікавыя месцы ў дварах, галерэях, кавяраньках. Таму што адчуць сябе камфортна на цэнтральных плошчах, дзе ты адзін стаіш пасярод вялікай колькасці бруку, асфальту, манументальных пабудоў, вельмі складана. Эмоцыі, якія ён выклікае – “адчуй сябе дэкарацыяй чагосьці большага, вялікага працэсу, чагосьці вялікага,а ты проста невялікі чалавек з нейкімі маленькімі жаданнямі і марамі”.

 

Гродна – наадварот, па меншай меры ў цэнтры, дзе мы праводзілі даследаванні. Ты адчуваеш сябе чалавекам, адчуваеш нейкія чалавечыя эмоцыі. Ты бачыш бялізну, якая сушыцца на вяроўках, будынкі двух-, трохпавярховыя, супамерныя табе, яны маюць цікавыя фасады,незвычайную архітэктуру, адкрытыя двары. У Гродне невялікая колькасць машын, шмат старых дрэваў, якія квітнеюць і пахнуць. Тут адчуваеш сябе камфортна, адчуваеш сваяцкія адносіны да гэтага горада.

 

Здымкі Паўла Бальшакова