Цмок у парку Жылібера восенню зменіць колер

Яўген Блудаў – гарадзенскі майстар, які займаецца традыцыйнай беларускай культурай. Апошнія гады ён займаецца менавіта пляценнем з лазы. Яго працы выкананыя ў тэхніцы хаатычнага пляцення. Навучыцца гэтай тэхніцы нідзе ў Гродне немагчыма.

 

“Калі ў мяне пытаюць, дзе я гэтаму навучыўся, я адказваю, што нідзе. Я бяру тры лазіны і проста пачынаю плесці. Калі птушка можа сплесці сабе гняздо, то чаму чалавек не?”, – кажа Яўген.

 

Лазу ён збірае на беразе Нёмана, затым апрацоўвае яе адмысловымі матэрыяламі. У такім выглядзе яна можа пратрымацца каля пяці гадоў.

На працягу 20 гадоў Яўген Блудаў разам з жонкай займаюцца яшчэ і пляценнем з саломы. Самі вучаць гэтаму майстэрству як дарослых, так і дзяцей. Працы Блудавых можна ўбачыць у дзіцячых садках і школах. Перыядычна яны ездзяць у школу-інтэрнат у Парэчча, дзе праводзяць з дзецьмі заняткі.

 

Якую карысць прыносіць пляценне з лазы?

 

“Вакол дзяцей шмат мігаючых рознакаляровых выяў, якія не існуюць у прыродзе. Гэтыя мільгаценні выклікаюць у дзяцей захапленне. Але гэтая радась не натуральная, яна супярэчыць іх прыродзе. А вось калі яны бачаць натуральныя выявы, кранаюць іх, дык адчуваюць сапраўдныя пачуцці радасці.

 

Сваёй працай я раблю альтэрнатыву гарадскому асяроддзю. Лепш за ўсё даць людзям магчымасць дакрануцца да прыроднага матэрыялу, адчуць яго пах. Эфектыўнасць маёй працы ўжо праверана. Я працую тут ужо другі месяц і бачу якое захапленне выклікаюць у дзяцей мае канструкцыі”, – кажа Яўген пра цмока ў парку.

 

Якое значэнне маюць гэтыя інсталяцыі?

 

“Усе выявы хаваюць у сабе пэўны сэнс, бо традыцыя пляцення перадаецца з пакалення ў пакаленне і нясе ў сабе зашыфраваную інфармацыю. Гэта дрэва зроблена адмыслова для закаханных. Так званае “дрэва жыцця”. У многіх гарадах Еўропы ёсць свае такія дрэвы. У старажытнай беларускай традыцыі, калі жрэц абводзіў маладых тры разы вакол гэтага дрэва, можна было казаць аб іх законным шлюбе.

 

Будан побач зроблены таксама для маладых. Там ёсць прыгожая лаўка, каб яны змаглі там пасядзець. Здаўна ў Беларусі дрэва азначала жаночае бажаство. А вось мужчынскае ўвасабляў сімвал цмока. Таму недалёка ад дрэва ў хуткім часе з’явіцца сапраўдны цмок.

 

Ёсць яшчэ беларускі міф аб гэтым цмоку. Чорны певень павінен знесці яйка, з якога вылупіцца маленькі цмок. Тады гаспадару з гэтага яйка пачне прыбываць багацце. Таму, калі я прапанаваў гаспадару парка зрабіць тут гэтага цмока, ён згадзіўся”, – жартуе Яўген.

 

Яўген плануе даплесці цмока да фестывалю нацыянальных культур. Восенню плануецца, што цмок пачне абвівацца дзявочым вінаградам і такім чынам зменіць колер.