У Гродне прайшоў трэці паэтычны слэм – на гэты раз моладзевы

Аказалася, што можна было нават не заяўляцца на бітву загадзя. Два ўдзельнікі прыйшлі ў антыкавярню і толькі на месцы вырашылі, што будуць удзельнічаць і паспрабуюць свае паэтычныя сілы.

Пачаўся слэм шэрагам пытанняў да залы – тыя, хто адказаў правільна, нечакана для сябе трапілі ў журы.

Агулам у слэме ўдзельнічала восем паэтаў. Сярод іх былі і добра знаёмыя: Антон Янкоўскі (ён прысутнічаў у якасці і вядучага, і ўдзельніка), Ганна Аўчыннікава – пераможца другога слэму, Дзяніс Жыгавец, Ганна Ліпчанская, якая мінулым разам выступала на “разагрэве”, ды Артур Камароўскі, што выступаў на самым першым слэме. Новыя твары: Антось Арцюк, Дзмітрый Станкевіч і Яўген Юха.

Дзмітрый Станкевіч адразу прадставіўся сваім другім творчым імём – Мешак Магіла. Такое нечаканае амплуа ніяк не спалачулася з яго адкрытай усмешкай і яскрава-аранжавай кашуляй. Але “ніякай песімістычнасці, гэта таму што зарываю свой талент”, растлумачыў Дзмітрый. Выступаў хлопец з вершам пра радзіму і пра каханее – другі верш прачытаў па-руску, за што выбачаўся. Дзіма вучыцца ў ГрДУ на другім курсе гістфака, пачаў пісаць вершы ў 16 год у выніку няшчаснага кахання.

 

Гледачам дазвалялася задаваць пытанні, дзякаваць і рабіць заўвагі паэтам. Нягледзячы на пачатковую нерашучасць, пытаннямі закідвалі кожнага выступоўцу.

 

Пытаннямі пра тое, як нараджаецца рыфма, ці як ён сам ацэньвае свае вершы, закідалі паэта Артура Камароўскага. Артур напісаў свой першы верш у першым класе з нагоды таго, што яго котка нарадзіла кацянят. На слэме ён прадставіў два выдатныя вершы пра матулю.

Трэцім выступіў Яўген Юха – паэт і мастак. Ён з’явіўся перад гледачамі з малюнкам Чэшырскага ката і са словамі “я такі, які ёсць, я люблю сонейка і хачу змяніць свет”. Першы верш Яўгена быў прысвечаны каталіцкай Вербніцы, хоць сам ён праваслаўны,  а другі – “Будучым людзям”. Наогул, менавіта верша ў хлопца мала, бо ён у асноўным піша песні і выконвае іх пад гітару.

Ганна Ліпчанская ў сваім вершы размаўляла з Джузэпэ Сака, сеўшы на імправізаваную скамеечку. Паэтка расказала, што першы яе твор, напісаны ў шэсць год, меў назву “Я муху хацела забіць”.

Потым, паабяцаўшы ўзяць намінацыю “Самы кароткі верш”, выступаў Антось Арцюк.

 

Па-сціпламу, “без зорак і ўсяго такога”, выступіла Ганна Аўчыннікава. Узгадаем, што на першым спаборніцтве Ганна, чытаючы вершы, рассыпала пялёсткі руж, а ну другім з’явілася з зоркай на ілбе.

Стоячы на ікееўскім століку, выступаў Антон Янкоўскі. Адзін з вершаў, прысвечаны Рыгору Барадуліну, быў напісаны напярэдадні слэму.

Скончыў слэм Дзяніс Жыгавец – аўтар тэкстаў гурта Dzieciuki. Як і мінулым разам, верш быў на гістарычную  тэматыку – усхваляў  Гародню і Давыда Гарадзенскага. Але любімая гістарычная асоба Дзяніса не Давыд, а Вітаўт. Дзяніс – не карэнны гарадзенец – ён родам з Кобрына. “У нас там усе такія баявыя”, – жартаваў “дзяцюк”.

 

Трэцяя бітва адрознівалася тым, што ўпершыню адбыўся другі тур з-за роўнай колькасці балаў у чатырох удзельнікаў. У “фінал” увайшлі Антон Янкоўскі, Дзяніс Жыгавец, Ганна Ліпчанская і Яўген Юха. Тут паэтам прыйшлося прызадумацца і знайсці яшчэ адзін верш. Настаў час для другога таленту Яўгена Юхі – замест верша ён заспяваў “Песню Амазонкі”.

 

Вырашала лес слэмераў ужо не журы, а гледачы. Апошняе слова было за шумамерам, які паказваў, каму грамчэй пляскала публіка. Лаўры за размову з Жыліберам атрымала Ганна Ліпчанская, на другім месцы апынуўся паэт і спявак Яўген Юха.

 

Пасля слэму ўсіх чакалі традыцыйныя кава і гарбата, печыва, зефіркі і цукеркі, а таксама мінскі гурт Handmade – канцэрт адбыўся ў дворыку антыкавярні “Жывы час”.

 

Арганізатар слэмаў у Гродне – ГА “Цэнтр “Трэці сектар” пры падтрымцы культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.