Беларуская група ў садку: вынікі двух год і планы на будучыню
Група пачала сваё існаванне ў верасні 2012 году і першапачаткова ў ёй было запісана восем дзетак. За час існавання максімальная колькасць наведвальнікаў складала 15 чалавек (пры санітарных нормах рознаўзроставай групы ў 12), на сённяшні дзень у ёй 12 дзетак. Група ўтваралася на месцы школы, таму усё абсталяванне – сталы, шуфлядкі, тумбы – новыя, з сучасным дызайнам. Цацкі і ўвесь дыдактычны матэрыял цалкам сабраны на бацькоўскія грошы.
Дзеці на калядным ранішніку
Апроч мэблі, аддзел адукацыі набыў велічныя па памеры дзяржаўныя герб і сцяг, хоць у групе ўжо меліся гэтыя сімвалы. Група мае вялікую бібліятэку на беларускай мове: як новыя кнігі, так і старая класічная літаратура, перададзеная групе з бібліятэкі імя Карскага. Таксама Таварыства Беларускай Мовы дапамагло з магнітнай дошкай для заняткаў і кнігамі. У дзетак ужо з’явіліся замежныя сябры – школьнікі з польскага Вроцлава, даведаўшыся пра існаванне такой групы ў Гродне, перадалі салодкія прэзенты і прылады для творчасці ў якасці калядных падарункаў.
У гэтым навучальным годзе ў групу прыйшлі новыя выхавацелі. Спадарыня Ірына свядома хацела працаваць у беларускай групе, таму перавялася з іншага садку. Вось яе меркаванні пра працу ў беларускай групе:
“Першае, на што хочацца звярнуць увагу – тое, што група малакамплектная. Гэта дазваляе плённа працаваць з дзецьмі. Ну і, вядома, вельмі добра, што бацькі прывялі іх у такую групу, дзе дзеці вывучаюць родную мову і культуру. Прыемна назіраць, што дзеці ўжо шмат ведаюць пра сваю краіну і сваю ідэнтыфікацыю.
Выхаванне дзяцей павінна грунтаваца на роднай мове, гісторыі і традыцыях. Калі своечасова не заахвочыць дзяцей да ўласнай нацыянальнай культуры, працэс нацыянальнай ідэнтыфікацыі нівеліруецца, што можа прывесці ў далейшым да закамплексаванасці, праяўлення нацыянальнай ушчэрбнасці, нізкага ўзроўню сацыяльнай паспяховасці. Менавіта з пазнання роднай мовы, з усведамлення яе як найвялікшай каштоўнасці пачынаецца станаўленне самасвядомасці дашкольнікаў.
Палітыка нашай дзяржавы накіравана на адраджэнне гэтых традыцый і каштоўнасцей, бо толькі такое пакаленне, якое ўсведамляе сваю нацыянальную годнасць, свае карані і культуру, будзе трывалым аплотам краіны”.
Падстаўка для творчасці
Другая выхавацелька – студэнтка аддзялення “Дашкольная адукацыя” Педагагічнага факультэту ГрДУ, якой дазволена вольнае наведванне, калі яна будзе працаваць па спецыяльнасці – гэта спадарыня Ганна:
“Праца ў садку – мой першы педагагічны вопыт. Спачатку я і сама шмат чаму вучылася, мне не хапала досведу ў адносінах з дзецьмі і бацькамі. Але зараз я адчуваю сябе вельмі ўпэўнена: я бачу, што дзеці мяне любяць, мяне цэняць бацькі – гэта надае сіл. Прыходзячы ў беларускую групу, я адчуваю духоўны супакоў. Я працую ў дзвюх групах – беларускай і рускамоўнай такога ж узросту. Вядома ж, дзеці вельмі адрозніваюцца. Тут дзеці больш засяроджаныя, з імі прасцей праводзіць заняткі, чытаць і абмяркоўваць кнігі, бо іх менш. І ўвогуле яны нейкія не такія [смяецца], вось рускамоўная дзеці больш бегаюць і крычаць, а гэтыя добра гуляюцца паміж сабой.
Са станоўчага хочацца адзначыць нацыянальна-патрыятычнае выхаванне з боку сада, зацікаўленасць бацькоў у садаўскім жыцці дзяцей, а таксама зацікаўленасць саміх дзяцей ды вывучэння моваў. Адмоўныя бакі – недахоп метадычных дапаможнікаў і рэчаў у прадметна-развіваючым асяроддзі. Таксама перыядычна не хапае памочніка выхавацеля, але гэта цяпер праблема амаль усіх садкоў. Наогул працаваць падабаецца: калектыў і кіраўніцтва вельмі добра ставяцца да мяне і дапамагаюць у любой справе, падбадзёрваюць, прыходзяць на дапамогу і дораць добры настрой!”
За час існавання групы ў аднаго з хлопчыкаў быў дзень народзін, і яго мама вырашыла запрасіць у групу клоўна. Вядома ж, шукалі таго, хто зможа правесці свята па-беларуску. Ці ўзнікла праблема падчас пошуку? Не! Утварыўся нават конкурс. Спынілі свой выбар на акторцы Тэатру лялек Яўгеніі, якая з’явілася перад дзеткамі ў вобразе дзяўчынкі Хрысі і гулялася з імі ў розныя забаўляльныя гульні.
Гульні падчас дня народзін
Ва ўсіх незнаёмых людзей пры ўзгадванні беларускай групы ўзнікае адно і тое ж пытанне – ці ёсць у дзяцей праблема з рускай мовай? Вядомы факт: чым раней пачынаць вучыць мовы, тым лягчэй яны засвояцца, таксама прасцей будзе вывучаць іншыя мовы ў сталейшым веку. Так і дзеткі з гэтай групы. У свае 4 і 5 год дзеці з беларускай групы ўжо ўсведамляюць, што ў свеце існуе шмат моваў, яны навучыліся вылучаць новае слова з моўнага патоку і задавацца пытаннем, з якой мовы гэтае слова, устанаўліваць межы, каб пазней выкарыстоўваць яго ў адной пэўнай моўнай групе.
Нельга сказаць, што дзеці на 100% правільна пераключаюцца з рускай на беларускую ўжо зараз, калі акунаюцца ў адпаведнае асяроддзе. Але ж ці ёсць увогуле ў Беларусі такія людзі, хто карыстаецца толькі рускаю, ніколі не ўводзячы ў сваю гаворку, наўмысна ці выпадкова, беларускія словы? Ці вымаўляем мы па-руску асіміляцыйна правільна? Гэты факт трэба прыняць як ёсць і не засяроджваць на ім увагі. Але бацькі, чые дзеці наведваюць беларускую групу, зрабілі свой выбар правільна – у малакамплектнай групе і развівацца прасцей, і настройваць свае мазгі на вывучэнне вялікай колькасці моваў у будучым.
Свята на 8 сакавіка
Пры жаданні яшчэ можна далучыцца да гэтай групы. У бягучым годзе працягваецца традыцыя адкрыцця беларускамоўнай групы наступнага ўзросту (2 і 3 гады) ў нашым градзе. Група ўтворыцца на базе таго ж 45-га садка па адрасе: вул Сухамбаева, 5, што з’яўляецца самым лепшым варыянтам па геаграфічным размяшчэнні, а таксама вопыту і базе, створанай на падставе першай створанай тут групы.
Заявы ў беларускамоўную групу трэба прыносіць ў Ленінскі РАА Гродна (вул. Савецкая, 14), у каб. № 253. Абавязкова трэба пазначыць назву і нумар садка і дадаць, каб прозвішча ўнеслі ў асобны, ужо створаны, спіс. Таксама трэба запісацца ў арганізатараў:
Наталля – (29) 8891853,
Вольга – (29) 7833635