Гарадзенскі “Нёман”: сіндром нестабільнасці
Пасля неверагоднай па драматызме перамогі ў Бабруйску “Нёман” чарговы раз няўдала згуляў на сваім стадыёне. І чарговы раз з камандай, якая не лічылася фаварытам сустрэчы.
З пачатку сезона брэсцкае “Дынама” змагаецца з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі і знаходзіцца ў канцы турнірнай табліцы. Праўда, у актыве гасцей з-над Буга ёсць хатняя перамога над сталічным “Дынама”.
Ад пачатку першага тайму гарадзенцы завалодалі ініцыятывай і ўжо які раз паказалі, што не ў стане эфектыўна гуляць “першым нумарам”.
Праўда, Павал Савіцкі (на здымку) меў два вельмі добрыя моманты, каб адкрыць лік у сустрэчы, але абодва разы згуляў не вельмі ўдала.
Госці разлічвалі на контратаку і свайго лідэра Рамана Васілюка. “Стаўка” згуляла – адна з рэдкіх вылазак гасцей на палову гарадзенцаў вылілася на 50-й хв. у ліхую атаку, якую завершыў Васілюк, забіўшы свой 201 гол у чэмпіянатах Беларусі.
Саладоўнікаў выпускае на поле пару Рэкіш-Дзянісевіч, якія дапамаглі выратаваць сустрэчу ў Бабруйску, а затым замест абаронцы Раўнейкі – нападніка Карлсанса.
Кардынальных пераменаў у гульні, аднак, не адбылося.
Гонар гарадзенцаў за 6 хв. да канца сустрэчы выратаваў Андрэй Хачатуран.
У выніку – нічыя, якой могуць быць задаволеныя госці, але аніяк не гарадзенцы.
Чарговыя згубленыя на сваім стадыёне ачкі зноў перамясцілі каманду за межы шасцёркі лідэраў чэмпіянату.
Вось як выглядае зараз турнірная табліца чэмпіянату:
1 | БАТЭ, Барысаў | 25 |
2 | “Данама-Мінск” | 20 |
3 | “Нафтан”, Наваполацк | 19 |
4 | “Шахцер”, Салігорск | 15 |
5 | “Тарпеда-БелАЗ”, Жодзіна | 15 |
6 | “Гомель” | 14 |
7 | “Нёман”, Гродна | 12 |
8 | “Мінск” | 10 |
9 | “Слуцк” | 9 |
10 | “Белшына”, Бабруйск | 9 |
11 | “Днепр”, Магілёў | 9 |
12 | “Дынама”, Брэст | 7 |
1 чэрвеня. “Нёман” – “Дынама”, Брэст 1-1
На здымку: футбалістам “Нёмана” ёсць пра што падумаць напярэдадні еўракубкаў і рашаючай стадыі чэмпіянату
Фота з афіцыйнай старонкі клуба ў Фэйсбуку