“Змяняй правілы!” У Гродне прэзентавалі “Дапаможнік раварыста 2.0”
“Наш праект гэта нагода для кантактаў і шпаргалка для павышэння ўзроўню роварных ведаў”, – кажа Міша, адзін з распрацоўшчыкаў “Дапаможніка”.
Ідэя праекта з’явілася ў Мінску год таму. Для стварэння “Дапаможніка” арганізоўваліся сходы, праводзіліся апытанні, распрацоўваўся дызайн і слоганы. Першая прэзентацыя прайшла ў мінскім парку Горкага: 300 папяровых асобнікаў разляцеліся імгненна, чаго ніхто не чакаў. Менавіта гэта і падштурхнула развіваць ідэю далей, мадэрнізаваць і падладжваць “Дапаможнік” пад іншыя гарады.
Версія 2.0 дапаможніка дазваляе мадыфікаваць яго пад мясцовыя патрэбы – уносіць змены і праўкі можа кожны. Галоўнае – захоўваць аўтарства.
У новым выданні змешчаныя самыя распаўсюджаныя памылкі велааматараў, парады па дагляду за роварам і вытрымкі з правіл дарожнага руху. Змест распрацоўваўся з улікам анлайн апытання больш за 400 чалавек.