Марока: нататкі падарожніка. Частка ІІІ

     
 

Марока: нататкі падарожніка. Частка І

Марока: нататкі падарожніка. Частка ІІ

 
     

 

Дзень 6. Эсуэйра – Агадзір – Легзіра (казачны пляж)

 

У гэтага ранку быў пах рыбы, мноства-мноства разнастайнай рыбы.

 

Мы прачнуліся, сабраліся і выйшлі гуляць па Эсуэйры. Людзі ў гэтым горадзе (дый ва ўсім Марока) не вельмі любяць спяшацца. Таму, калі мы выйшлі, яны толькі пачыналі разварушвацца, адчыняючы свае маленькія кіёскі і пацягваючы мятную гарбату з паўзачыненымі вачыма.

 

Папілі матнай гарбаткі і мы ў невялікай кавярнечцы з пластмасавымі крэсламі з аднаго імбрыка на ўсіх. Потым пайшлі ў накірунку парта і рыбнага рынку – вядомага вельмі люднага і рыбнага месца ў горадзе.

 

 

Тыя, хто толькі што вярнуліся з рэйсу, прадавалі свежую рыбу (якіх толькі колераў і гатункаў там не было!), крэветак ці яшчэ чаго. Гледзячы на большасць з таго, што прадавалася, я не магла ўзгадаць назвы. Ну там і пах! Не тое, каб адразу “выварочвала”, але проста вельмі моцны рыбны пах паўсюль і адусюль.  А яшчэ сонца не шкадуе для ўсіх спёкі.

 

Хтосьці збіраецца ў новы рэйс (у тым ліку і шумныя аравы рабят год дзесяці–чатырнаццаці), хтосьці купляе-прадае рыбны тавар, хтосьці па-майстэрску пляце сеткі, а хмары чаек лётаюць туды-сюды ў пошуках лёгкай здабычы.

 

Там, ля рыбнага рынку, вельмі прыгожыя акіянскія краявіды – з хвалямі, скаламі і чайкамі. Нашыя фатографы затрымаліся там больш за гадзіну. Я ж пайшла блукаць па вузкіх рознакаляровых вуліцах мясцовага старога горада Эсуэйры ў пошуках прыгажосцяў, сувеніраў і сняданку. Да таго часу гандаль у медзіне ішоў поўным ходам – вопратка, абутак, упрыгожванні, посуд, рознакаляровыя дробязі і ежа на любы густ і, як кажуць, на любую кішэнь.

 

Мы паснедалі, сабраліся, па традыцыі паспрачаліся з “паркоўшчыкамі” і з’ехалі далей. Па плане далей быў Агадзір – даволі “папсовае” месца, асабліва сярод сёрфераў. Кажуць, на мясцовых пляжах можна злавіць самыя прыдатныя для сёрфінга хвалі – высокія і цёплыя. Мы ж затрымлівацца там не збіраліся.

 

 

Затрымаліся на неверагодна прыгошым пляжы, што чакаў нас па дарозе. Там можна было зайсці ў ваду метраў на 50 ці нават болей і намачыць ногі толькі па калена. Але вось калі прыходзіла хваля, то можна было намокнуць і па плечы.

 

 

Вада там да неверагоднасці празрыстая, а сонца свяціла неяк незвычайна, чароўна (напэўна, сказваецца нязвычнае для нас геаграфічнае размяшчэнне).

 

Потым мы бачылі па дарозе сапраўднага верблюда, які пасвіўся пад калючымі дрэвамі і еў іх жа, са смакам хрумкаючы галінкі сваімі вялізнымі зубамі. Гэтая вялізная жывёліна быццам усміхалася нам увесь час.

 

 

Яшчэ побач з верблюдам мы ўпершыню ўбачылі тых спрытных козачак, што залазяць на галінкі дрэў у пошуках больш смачнай і сакавітай зеляніны. Некаторыя залезлі даволі высока.

 

 

Агадзір – адносна вялікі горад з мноствам рэстаранаў і гасцініц. Вядома – “папса”. Яе мы проста праехалі, як і збіраліся. Спыніў там нас толькі супермаркет. У той час, калі мы займаліся пакупкамі, дзень змяніўся цёмным вечарам. Не перастаю здзіўляцца: як жа ў Марока гэта хутка атрымліваецца.

 

Наперадзе была Легзіра. Гэта не назва горада, а назва пляжа з вельмі прыгожымі скаламі і ўвогуле краявідамі. Перакусілі мы на шляху на другім паверсе маленькай кавярнечкі з невысокай столлю і вельмі гучным футболам па тэлевізары. Мясцовы афіцыянт (хутчэй за ўсё – і гаспадар) са стараннем і задавальненнем прадэманстраваў нам працэдуру заварвання гэтага чароўнага напоя – мятнай гарбаты. Спачатку трэба пакласці галінку мяты ў імбрык з папярэдне заваранай там гарбатай (мы вызначылі, што хутчэй за ўсё там зялёная), потым туды ж кладзецца і цукар, многа цукру. Далей трэба тры разы пераліць тое, што атрымалася, у вялікую шклянку і назад, высока падымаючы пры гэтым імбрык над сталом – прыкладна ад трыццаці да пяцідзесяці сантыметраў. Усё. Можна разліваць па маленькіх шкляначках. Вось яно як.

 

Павячэралі і паехалі да знакамітага пляжа. Дарога была вельмі туманнай і дастаткова доўгай, бо прыехалі мы прыкладна а першай ці нават пазней. Пераночылі трошкі вышэй ад пляжа, ратуючыся ад вільгаці і начной акіянскай прахалоды.

 

Дзень 7. Легзіра


Не вельмі добра спалася ноччу. Ранак быў воблачны і ветраны – нават курткі паапраналі. Уцяпліліся і паехалі даследаваць мясцовасць. Нас чакае цэлы дзень на мегапрыгожым пляжы.

 

Сняданак наш быў шыкоўны – не праз тое, што мы елі, а праз тое, які краявід дапаўняў гэты наш сняданак – бяскрайняя зялёна-блакітная акіянская прастора. Як і заўжды – з небам, скаламі і прыемным гоманам хваляў. Якая розніца, што ты ясі, калі ты снедаеш на беразе акіяна (вельмі трапная варыяцыя тэмы пра кеды і Парыж)?

 

 

Пляж Легзіра (недалёка ад невялікага гарадка Сідзі Іфні) вядомы трыма вялізнымі аркамі, што ўтварыліся з дапамогай акіянскіх хваляў, якія доўга і цярпліва вымывалі скалы на беразе. Нават складана ўявіць, колькі часу спатрэбілася, каб гэта сусветная славутасць утварылася. Невядома таксама, колькі яшчэ часу гэтыя магутныя волаты-скалы змогуць трымаць абарону перад тым, як канчаткова размыюцца Атлантыкай (магчыма, назаўжды перастаўшы быць месцам прыцягнення сюды турыстаў і фатографаў з усяго свету).

 

 

Амаль што ўвесь дзень і амаль што без руху мы адчувалі асалоду ад непаўторнага віду, што адкрываўся нам з пляжа. Хтосьці прымаў пяшчотныя сонечныя ванны, хтосьці плаваў (вада, дарэчы, была дастаткова для гэтага прыдатная), хтосьці хадзіў туды-сюды, лазіў па камянях ці сядзеў у цянёчку.

 

На пляжы, дзе мы адпачывалі, былі бачныя толькі дзве вялізныя скалы-аркі. Трэцяя хавалася трошкі далей. Таму, адпачыўшы, паздымаўшы краявіды і пераабуўшыся, мы палезлі ўверх, каб паглядзець і на яе, таму што адліў, на які мы спадзяваліся, усё ж такі не дазволіў прайсці па нізе.

 

Калі мы падымаліся і спускаліся, я ўзгадала наш паход па Таўрах два гады таму, бо лезлі па такім жа пясчаніку, а спускацца было таксама трошкі страшнавата, тым больш ужо цямнела. Да трэцяй аркі мы так і не дайшлі, бо, як высветлілася, яна знаходзіцца дастаткова далёка. Затое мы зрабілі прыгажэнныя здымкі дзвюх “нашых” арачак зверху.

 

 

Частка з нас засялілася ў гасцінічку, і таму вячэралі мы на прыгожай тэрасе з відам на ваду і адчуваннем сапраўднага шчасця. А зніклая электрычнасць дадала яшчэ большай рамантычнасці. Заўтра – доўгая дарога да Маракеша.

 

Дзень 8. Легзіра – Маракеш

 

Прыемны душ, гарбатка за сем дзірхамаў, развітанне ў думках з вялізным і шумным Атлантычным акіянам і адпраўленне ў горную дарогу да Маракеша.

 

Амаль што ўвесь дзень мы былі ў дарозе. І ў якой! Праз гадзіны паўтары пасля ад’езду пачалася круценная (ва ўсіх сэнсах) серпанцінная дарога. Мы накіроўваліся да перавала ў дзве тысячы метраў праз адзін з самых вялікіх хрыбтоў Атласкіх гор. Рушылі на белых машынках праз скалы і спёку, мноства экскаватараў і вельмі прыгожых краявідаў.

 

 

То там, то тут спыняліся, каб запісаць невялікае відэа ці зрабіць пару здымкаў: горы, горныя вёскі, мноства недабудаваных (але такіх каларытных!) будынкаў, козы на дрэвах, горныя дарогі і сцежкі – усё гэта цешыла нашыя вочы, душы і сэрцы.

 

 

Такія віражы і вышыні, што круціцца галава. Калі спёка пачала трошкі спадаць, мы прыехалі ў прыгожую кавярню, што знаходзілася, напэўна, на самым перавале, то бок не ніжэй за дзве тысячы метраў. Там папілі гарбаткі і перакусілі, а таксама панатхняліся прыгажосцю гор і неба.

 

 

У Маракеш мы прыехалі ля адзінаццатай вечара. Было цёмна, людна і вельмі камфортна ў плане тэмпературы, а слуп на стаянцы, што відавочна з’ехаў зглузду, паказваў мінус 64.

 

На адну толькі ноч, але ўсё ж такі засяліліся ў “Дом для ўсіх”, створаны тут расійскімі падарожнікамі ў сакавіку-красавіку гэтага года. Нас сустрэла прыемная жанчына Паліна, адна са стваральнікаў Дома, са светлавалосым гадавалым хлопчыкам у калясцы. Яна завяла нас у дагледжаны ўнутраны двор, а потым і ў саму кватэру для ўсіх.

 

Пазнаёміліся з астатнімі жыхарамі дома – Вадзімам (другім стваральнікам пляцоўкі) і яшчэ з трыма цікавымі хлопцамі-падарожнікамі. Мы пілі гарбатку, размаўлялі пра падарожжы, фільмы і людзей, узгадвалі нешта агульнае, раіліся і давалі парады, елі печыва, гарэшкі і апельсіны.

 

Здымкі аўтаркі, Аляксандра Шчэрбіна і Андрэя Жаўтковіча

Працяг будзе…

 

Іншыя падарожжы “Твайго стылю” глядзі на нашай мапе.


View Мапа падарожжаў “Твайго стылю” in a larger map