Тысячы каталікоў прайшлі па цэнтральных вуліцах Гродна (+відэа)

Свята распачалося святой імшой у Фарным касцёле а 18 гадзіне, ужо тады ўсе вернікі не змяшчаліся ў храме. Пракладна а 19.30 вырушыла працэсія праз чатыры алтары. Першы каля Фары, другі – Брыгіцкі касцёл, трэці – Бернардынскі і апошні – Францішканскі касцёл, дзе адбылася яшчэ адна святая імша.

На шляху вернікі спявалі традыцыйныя рэлігійныя песні, слухалі Евангелле і маліліся, каб Бог уратаваў людзей ад “хваробы, голаду, пажару, вайны ды няспадзяванай смерці”. Выпадковыя мінакі спыняліся падзівіцца рэдкаму натоўпу людзей, хтосьці выходзіў на балкон, сачылі з вокнаў. Працэсія скончылася каля 21.10.

Свята Божага цела пачалі адзначаць яшчэ ў ХІІ стагоддзі, амаль адразу ўрачыстасці суправаджаліся працэсіяй. Гэтае свята прыпадае на чацвер праз восем з паловай тыдняў пасля Вялікадня. Яно нагадвае аб падзеях Вялікага чацвярга. Тады Хрыстос на тайнай вячэры паламаў хлеб сярод апосталаў, кажучы, што гэта яго цела, і наказаў чыніць падобнае ў памяць аб сабе. Святар ламае хлеб падчас кожнай святой імшы. Каталікі вераць, што ў ім крыецца сапраўднае цела Хрыста. Малы круглы кавалачак белага хлеба – так знешне выглядае найвялікшая для каталікоў святыня.

Каб засведчыць аб сваёй веры ў Бога, схаванага ў выглядзе хлеба – іншымі словамі ў Эўхарыстыі – каталікі праходзяць урачысты шлях па галоўных вуліцах горада. Адзін са святароў нясе Эўхарыстыю ў залачоным футляры.

 

Здымкі Сяргея Людкевіча