“Нёман” пакінуў адзін з лідэраў клуба

|

Гарадзенская каманда перад стартам у Лізе Еўропы з-за праблем з фінансаваннем губляе чарговага моцнага футбаліста. Іван Садаўнічы працягне кар’еру ў Казахстане.


Яшчэ перад пачаткам гэтага сезону з Гродна ў куды больш багаты Казахстан перабраліся серб Яблан і камерунец Эсамэ, якія былі аднымі з лідэраў каманды.

 

Месяц таму клуб пакінуў латвіец Гірт Карлсонс. Толькі да канца чэрвеня кантракт з “Нёманам” мае Андрэй Хачатуран. І вось яшчэ адна страта.

 

Іван Садаўнічы з’яўляецца выхаванцам гарадзенскага футболу, але ў асноўным складзе “Нёмана” замацаваўся толькі пасля пераходу з “Віцебска”. Разам з Паўлам Рыбаком Садаўнічы складаў дуэт цэнтральных абаронцаў і згуляў сёлета 10 гульняў чэмпіянату краіны.

 

У хуткім часе Івана чакаў дэбют у складзе “Нёмана” у еўракубках, але гулец вырашыў пакінуць абцяжараны фінансавымі праблемамі гарадзенскі клуб ужо зараз.

 

Новай камандай Садаўнічага стане “Табол” з Костаная – чэмпіёна Казахстана 2010 г. Цяпер гэтая каманда ідзе на 9-м месцы. 

 

Пра тое, што атрымае “Нёман” ад пераходу аднаго са сваіх лідэраў у новы клуб, пакуль афіцыйнай інфармацыі няма. Папулярны нямецкі сайт transmarkt.de, які спецыялізуецца на ацэнцы рынкавага кошту футбалістаў, ацэньвае Садаўнічага ў 200 тыс. еўра, але вельмі малаверагодна, што казахстанцы заплацілі гарадзенцам нават палову ад гэтай сумы.