“Нёман” чакае Ісландыя альбо Паўночная Ірландыя

|

Ісландцы і ірландцы згуляюць паміж сабой 3 і 10 ліпеня. А 17 ліпеня пераможца гэтай пары завітае ў Гродна, каб згуляць з “Нёманам”. Сустрэча ў адказ адбудзецца на полі суперніка 24 ліпеня.

 

Абодвух магчымых супернікаў гарадзенцаў яднае тое, што яны месцяцца ў гарадках, роўных па памерах раённым цэнтрам на Гарадзеншчыне.

 

Так, у паўночнаірландскім Лургане жыве 23 тыс. чалавек, а ў Хабнарф’ёрдуры – 28 тыс.

 

Затое гісторыю абедзьве каманды маюць куды больш багатую за гарадзенцаў (“Нёман” адлічвае сваю гісторыю ад 1964 г.). Так, “Гленавон” быў заснаваны яшчэ ў 1889-м (!) г. Каманда тройчы выйгравала чэмпіянат Паўночнай Ірландыі (1952, 1957, 1960) і 6 разоў Кубак краіны (1957, 1959, 1961, 1992, 1997, 2014).

 

“Хабнарф’ёрдур” заснаваны ў  1929 г. Клуб станавіўся чэмпіёнам Ісландыі 2004, 2005, 2006, 2008, 2009, 2012 гг. і ўладальнікам Кубка сваёй краіны 2007 і 2010 гг.

Абодва магчымыя супернікі невыгодныя для гарадзенцаў з пункту гледжання адлегласці. Так, адлегласць ад Гродна да Лургана складае 1962 км., а да Хабнарф’ёрдура – 2797 км.

 

Ад каманды, якая мае сур’ёзныя фінансавыя праблемы, пералёт на такую адлегласць будзе патрабаваць сур’ёзных выдатккаў.

 

Сталі вядомыя і супернікі іншых беларускіх каманд у еўракубках. У адборачным турніры да Лігі Еўропы барысаўскі БАТЭ сустрэнецца з албанскім “Скендэрбеу”. Першая гульня гэтых каманд адбудзецца 15 ці 16 чэрвеня ў Барысаве.

 

Салігорскі “Шахцёр” у 2-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі Чэмпіёнаў згуляе з пераможцам пары “Дэры Сіці” (Ірландыя) – “Эберыстуіт” (Уэльс). Сталічнае “Дынама” згеляе з пераможцам пары “МюПа-47” (Фінляндыя) / “Фуглаф’ёрдур” (Фарэрскія выспы).