Гарадзенскі прадпрымальнік: “Лукашэнка хутка пацісне руку апошняму прадпрымальніку”

Многія прадпрымальнікі на гарадзенскіх рынках моцна ўстрывожаныя тым, што з 1 ліпеня нельга прадаваць тавар, завезены ў Беларусь пасля гэтай даты, без шэрагу дакументаў, якія раней не патрабаваліся.


Нехта настроены не плаціць за ліпень падаткі. Іншыя апошнімі днямі завозяць як мага болей тавару, каб даўжэй папрацаваць. Але і адны, і другія лічаць, што іхняму бізнесу прыходзіць канец.

 

Ужо з наступнага тыдня прадпрымальнікі не змогуць прадаваць тавар без дакументаў, якія павінны адпавядаць тэхрэгламенту Мытнага саюза. А гэта дамовы, накладныя, фактуры рахункаў і сертыфікатаў якасці. І ўсе гэтыя дакументы няма дзе ўзяць, бо ў Расіі, адкуль вязуць тавар, іх найчасцей немагчыма атрымаць.

 

Праўда, прадпрымальнікам дазволілі да 1 сакавіка 2015 году гандляваць рэшткамі тавару, які быў завезены да 1 ліпеня. Але трэба зрабіць спіс такога тавару і копію прадставіць у падатковую інспекцыю.

 

Гаворым пра гэта з прадпрымальнікамі на рынку “Цэнтральны”. Жанчыны распавядаюць, што ў будучыню глядзяць з бояззю.

 

Спадарыня: “Ведаеце, настрой зусім дрэнны, зусім. Усё вельмі складана, мы нават не ведаем, куды ісці, што нас чакае, што нам рабіць. Мы прыйшлі да такога стану, што нават не можам за сябе пастаяць…”

 

Іншая спадарыня: “Нас ужо не варта было выжываць гэтымі новымі ўмовамі тэхрэгламенту, бо мы і так самі хутка сыдзем. Гандаль зусім слабы, цэны ў крамах на прадукты высокія — за што яшчэ апранацца?..”

 

Карэспандэнт: “Значыць, вы лічыце, што прыйшоў канец вашаму бізнесу?”

 

Спадарыня: “Я яшчэ думаю, што нешта павінна змяніцца, бо ўсё ж нейкую капейку мы ўносілі ў бюджэт нашай дзяржавы і не прасілі ні заробкаў, ні дапамогі. А цяпер што, мы пойдзем на біржу і будзем шукаць працы? А дзе мы яе знойдзем?”

 

Аптымістычнага погляду спадарыні наконт таго, што дзяржава ўсё ж скасуе новыя правілы, іншыя суразмоўцы не падзяляюць. Адзін з прадпрымальнікаў кажа, што частка тых, хто гандлюе на гарадзенскіх рынках, на знак пратэсту не плаціць за ліпень падаткаў і не будзе з 1 ліпеня выходзіць на працу, каб бюджэт адчуў страты.

 

Спадар: “Ніякія рэшткі нас не ўратуюць, і мы не падаем ніякіх дэкларацый, пакуль не вырашыцца наша пытанне наконт таго, што новыя дакументы — гэта нерэальна для малога бізнесу. Толькі аптовыя пастаўшчыкі могуць рабіць падобныя дакументы. А на малы бізнес гэта наагул не павінна распаўсюджвацца, як і ў іншых краінах Мытнага саюза. Думаю, што мы з 1 ліпеня не працуем, пакуль не вырашыцца наша сітуацыя. У асноўным людзі не выйдуць. З гэтымі правіламі пагаджацца нельга”.

 

Іншы спадар зазначае, што частка прадпрымальнікаў ужо заплаціла падаткі за ліпень — яны заранёў завезлі тавар, каб да 1 сакавіка яшчэ папрацаваць на рэштках. Але лічыць, што надоўга працягнуць свой бізнес такім парадкам ім не ўдасца — у перспектыве яны не здолеюць існаваць паводле новых правіл гандлю, бо на гэта ўлада і разлічвае.

 

Спадар: “Пралічана ўсё дакладна: пасля 1 ліпеня — 20%, а пасля сакавіка — і ўсё 80% павінны будуць скончыць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць. Па такіх праплатах на 2–4 квадратных метрах нерэальна будзе паводле новых правіл гандлю зарабляць. Калі заплаціш за ўсё, абаротных сродкаў у цябе не будзе заставацца. І арэнда дарагая, і харчы дарагія, і транспарт дарагі…”

 

Яшчэ адзін спадар пагаджаецца, што ўсе гэтыя дзеянні прадпрымальнікаў не ўратуюць. Самае дрэннае, на яго думку, — тое, што прадпрымальнікі па ўсёй Беларусі з арганізаванай некалі супольнасці ператварыліся папросту ў масу людзей, якія не могуць арганізавацца і адстаяць свае правы перад уладай.

 

Спадар: “Адны думаюць, як бы знайсці дакументы, іншыя — як прадаць рэшткі, трэція думаюць, як бы кантрабандай яшчэ давозіць тавар. Але ніхто не думае, што трэба выйсці і пратэставаць, няхай не на плошчу — ну хаця б недзе ў парку. Нават такіх думак няма ў людзей. Вось што самае страшнае”.

 

Карэспандэнт: “Узгадваюцца словы прэзідэнта Лукашэнкі, калі ён казаў, што дажыве да таго часу, калі…”

 

Спадар: “Так, Лукашэнка дажыў да таго часу, калі пацісне руку апошняму прадпрымальніку. Усё так, як ён і абяцаў. У яго ёсць вельмі “добрыя” памагатыя, якія падштурхоўваюць яго на розныя такія рэчы…”

 

Здымак з архіву “Твайго стылю”